Пошук

29.03.2018 18:24   Іван Багдановіч / Фота: Павел Галімаў / Catholic.by

29 сакавіка, у Вялікі чацвер, у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава адбылася Імша Хрызма, якую цэлебраваў біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёну біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.

На Імшу прыбылі святары Магілёўскай часткі архідыяцэзіі, законныя сёстры і вернікі. Вітаючы прысутных, біскуп павіншаваў духавенства з днём устанаўлення святарства.

«Вялікі чацвер — гэта дзень хвалы Богу за вялікі дар святарства. Гэты дзень збірае ў кожнай дыяцэзіі па ўсім свеце біскупаў і святароў, якія жадаюць аднавіць сваё поўнае прысвячэнне Хрысту.

У гэты дзень, аднаўляючы святарскія абяцанні, у пакоры сэрца зноў даверым Богу ўсё нашае святарскае жыццё.

Сённяшняй урачыстасцю Касцёл таксама выказвае сваю падзяку святарам за іх службу, дзякуючы якой таямніца Божага жыцця кожны дзень прысутнічае ў свеце, і моліцца аб новых пакліканнях да Божай службы».

У гаміліі іерарх звярнуў увагу на словы з Евангелля, сказаныя Езусам у сінагозе ў Назарэце.

«Гэтыя словы нагадваюць нам, што год ласкі быў распачаты, калі Айцец паслаў Езуса, каб прынесці добрую вестку бедным, прапаведваць палонным вызваленне і зрок сляпым; вызваліць вязняў, выпусціць спакутаваных на свабоду і абвясціць год ласкі Пана (пар Лк 4, 18-19). З тых часоў чалавецтва пагружана ў час Божай міласэрнасці, таму Езус кажа:

   

„Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі“ (Лк 4, 21)».

Гэтае выказванне Езуса гучыць сёння, у Вялікі чацвер, як выклік для нас. Яно нараджае ў мяне пытанне: дзе ж ажыццяўляецца, тут і цяпер, слова Езуса? Дзе я магу ўбачыць і адчуць радасць, святло, вызваленне, што Езус прыносіць чалавецтву?

Калі глядзім на нашае святарскае жыццё, гэтае пытанне ператвараецца ў заклік звярнуцца да веры, да братэрства паміж намі, да мужнасці».

Затым біскуп па чарзе растлумачыў кожны з трох пунктаў.

«Мы ўсе, а асабліва мы, святары, пакліканы ўзрастаць ў веры.

Святы Ян звяртаецца да першых хрысціянскіх супольнасцяў словамі, якія другое чытанне сёння перадае нам: „Ласка вам і спакой ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых… Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў“ (Ап 1,5-6).

У рэальнай прысутнасці Езуса і ёсць прыгажосць і веліч Касцёла, кожнай хрысціянскай супольнасці, нават самай маленькай і пакутуючай. Хрыстус кажа нам, што там, дзе двое ці трое збіраюцца ў імя Яго, Бог чыніць цуды ласкі, якія прыносяць збаўленне, супакой, прабачэнне грахоў (пар. Мц 18, 20).

Але ці мы сапраўды лічым, што няма нічога больш важнага на зямлі, чым Эўхарыстыя і сакрамэнт прымірэння?

Пажадаем сёння вярнуцца ў нашыя парафіі і рэлігійныя супольнасці з гэтым выразам веры: менавіта ў маёй парафіі і супольнасці, з Эўхарыстыяй у цэнтры, Бог хоча будаваць сваю збаўчую прысутнасць і любоў у той частцы свету, якой з’яўляецца мой горад, пасёлак, вёска, мая парафія, мой рэгіён.

Заклік расці ў веры ў першую чаргу датычыць нас, святароў. Абнаўленне прэзбітэрскіх абяцанняў, якія мы неўзабаве здзейснім, значыць нанова навяртацца ў Божым пакліканні і да Божых прыярытэтаў: быць сталымі распарадчыкамі Божай ласкі праз Эўхарыстыю; рыхтавацца і з пачуццём sacrum цэлебраваць іншыя літургічныя дзеянні як нашу службу вернікам.

Для нас, святароў, няма ніякага іншага дзеяння, іншага абавязку, больш актуальнага, неабходнага і пільнага, чым гэтыя. І для здзяйснення гэтага ў нашай рэчаіснасці нам патрэбная самааддача, без нараканняў, прэтэнзій, патрабаванняў ад іншых больш, чым ад сябе саміх».

Наша вера квітнее ў братэрстве

«Час ласкі, які быў распачаты Хрыстом, — гэта заклік да радасці, вызвалення і аздараўлення, прапанаваны Богам усім людзям, пачынаючы ад самых маленькіх і забытых.

Дастаткова паглядзець навокал сябе, каб стала зразумела актуальнасць і праўдзівасць слоў Езуса, Добрага Пастыра. Розныя формы матэрыяльнай, маральнай і духоўнай галечы знявольваюць так шмат людзей. Нават шчодрых жэстаў міласэрнасці недастаткова, каб іх знішчыць.

Для вучняў Езуса фундаментальным заданнем з’яўляецца не проста даваць, а будаваць шчырыя ўзаемныя адносіны, братэрскія сустрэчы і адчуваць першым пакліканым да гэтага самога сябе, а не іншых.

Гэта датычыцца і справы атрымання чагосьці ад іншых. Пытанне, каб усе мелі дастаткова штодзённага і матэрыяльнага хлеба, застаецца актуальным і неабходным для ўсіх, аднак гэты хлеб можа быць без смаку і нават горкім, калі не ўмеем смакаваць яго ў братэрскай супольнасці.

Не перастану захапляцца тым, што я сустрэў у нашым рэгіёне, а менавіта братэрства ў перажыванні урачыстасцяў парафій нашай вобласці.

Для мяне як біскупа гэта моманты прыгожых і адкрытых адносін, сведчанне ўзаемнай падтрымкі як братоў у святарстве, так і вернікаў; сустрэча пастыраў і авечак, братоў і сясцёр у Хрысце.

Заахвочваю і надалей прыкладваць усе намаганні, каб гэта не згубіць, не сеяць закваску негатыву і разбурэння, бо толькі ў братэрстве і любові адзін да аднаго мы становімся здольнымі прымаць тых, хто набліжаецца ці становіцца бліжэй да Езуса і да Касцёла. Нават тыя, хто яшчэ далёка ад Бога і Касцёла, могуць быць накіраваны і заахвочаны прыгажосцю аб’яднанай, братэрскай супольнасці.

Сёння бескарыслівасць у адносінах, магчымасць давяраць і абапірацца адзін на аднаго становяцца каштоўнымі дабротамі, у якіх адчуваецца вялікая патрэба і якія вельмі цяжка сёння знайсці.

Па гэтай прычыне доказы таго, што можа зрабіць Божая ласка ў міжасабовым жыцці вучняў Езуса, якімі мы, святары, з’яўляемся, становіцца эфектыўнай формай прапаведвання Евангелля.

Тут мы, святары, у першую чаргу запытаныя, бо менавіта нам Езус дае кіраўніцтва супольнасцямі і просіць нас быць людзьмі еднасці і пасрэднікамі братэрства. У гэтым я, усе мы, дарагія браты ў святарстве, маем што зрабіць на шляху служэння і маем у чым канкрэтна выправіцца, пачынаючы ад нашых адносін унутры прэзбітэрату.

Вера і братэрства патрабуюць мужнасці

Тут я хачу звярнуцца асабліва да вас, дарагія мае браты ў святарстве. Езус пра сябе кажа: „Дух Пана на Мне; бо Ён намасціў Мяне“ (Лк 4, 18). Езус здольны казаць такія словы, бо прайшоў праз выпрабаванне рознымі спакусамі, мітуснёй, радыкальнымі пытаннямі аб Яго адносінах з Богам Айцом, а таксама спосабам, каб у свеце выканаць сваю збаўчую місію.

Вы таксама ў сакрамэнце хросту, канфірмацыі, а яшчэ больш у сакрамэнце святарства атрымалі дар Духа, каб перамагчы спакусу кінуць усё. Перамагчы тыя моманты, калі здаецца, што хрысціянскае і святарскае жыццё цяжкае і далёкае ад ідэалаў; калі асабістая малітва, святая Імша нудныя, а душпастырства не прыносіць чаканых, а часамі і патрабаваных ад іншых вынікаў.

Не бойцеся сумневаў і пытанняў, і нават супярэчнасцяў, які нараджаюцца і народзяцца ў вас.

Аднак не хавайце галаву ў пясок, робячы выгляд, што іх няма, уцякаючы і не звяртаючы на іх увагу. Замест гэтага будзьце смелымі і высакароднымі ў вырашэнні іх. Думайце галавой і святарскім сэрцам. Кіруйцеся ў вырашэнні іх добразычлівасцю і хрысціянскай любоўю.

Маліцеся аб вырашэнні цяжкасцяў з Евангеллем у руках. Размаўляйце шчыра з тымі, хто можа вам дапамагчы. Прасіце дапамогі ў каго-небудзь, хто будзе выклікаць давер і быць у стане слухаць вас.

Майце мужнасць да сябе і веру ў саміх сябе. Толькі тады вы таксама знойдзеце ў сабе мужнасць, каб сведчыць без страху аб вашай веры і абуджаць яе ў іншых, бо мы становімся свабоднымі, калі цалкам належым Езусу і з'яўляемся для іншых другім Хрыстом».

«Як біскуп, які нясе разам з вамі служэнне на Магілёўшчыне, хачу падзякаваць сёння Богу за вашае святарскае пакліканне. Падзякаваць вам за супрацоўніцтва, за руплівасць у выкананні тых святарскіх абавязкаў, якія ставіць перад усімі намі штодзённасць.

Нахай Бог адорыць вас ласкай жыць кожны дзень, як сапраўдныя дзеці Божыя і апосталы Езуса Хрыста, а таксама быць дзейснымі сведкамі ў справе збаўлення свету. Будзем трываць і абуджаць у саміх сабе, нашых супольнасцях і прэзбітэрыі веру, братэрства і мужнасць».

Падчас Эўхарыстыі адбылося благаслаўленне алею хворых і кансэкрацыя алею Хрызма.

Таксама са словамі віншавання і шчырай удзячнасці ў адрас прысутных святароў звярнуліся вернікі. Пасля Імшы адбылася сустрэча біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB са святарамі і кансэкраванымі асобамі.

Абноўлена 30.03.2018 12:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа