Пошук


Знакам еднасці святароў са сваім біскупам стала cвятая Імша Хрызма, якая цэлебравалася ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага 28 сакавіка, у Вялікую сераду.

Імшу Хрызма ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі — Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз прэлат Францішак Кісель, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і святары Віцебскай дыяцэзіі.

У гаміліі біскуп Віцебскі разважаў над пытаннямі, якія задаюцца святарам у час аднаўлення святарскіх абяцанняў у гэты дзень.

Нагадваючы, што выраз Alter Chrystus — «пра нас, святароў», віцебскі ардынарый заклікаў ратавацца ад клерыкальнай пустэчы, праз якую «можам спрабаваць запоўніць нашае святарскае жыццё тым, што не адпавядае святарскай годнасці і паслузе ці ўвогуле можа яе засланіць».

Прыгадваючы аб штодзённых святарскіх абавязках, біскуп нагадаў пра небяспеку, якая можа пагражаць святарам — ператварэнне ў функцыянераў, якія патанаюць у руціне.

«Лекамі ад руціны з’яўляецца засяроджанне, пошук асабістага кантакту і сяброўскай сувязі з Хрыстом. Мы маем абавязак несці Яго іншым, але для гэтага спачатку самі павінны глыбока перажываць гэтыя таямніцы, наколькі магчыма. Гэта фундамент нашага святарскага служэння», — звярнуў увагу іерарх.

Адзначаючы, што на вучнях Хрыста ляжыць абавязак навучання, біскуп нагадаў, што сёння слова не мае ўжо такой пераканаўчай моцы, калі не знаходзіць пацвярджэння ў жыцці чалавека, таму «найлепшым пераканаўчым сродкам застаецца сведчанне».

Біскуп падкрэсліў, што такім сведчаннем павінен стаць досвед «узаемаадносін» святара з Хрыстом і жыццё, адпаведнае святарскаму ці манаскаму пакліканню.

На Імшы святары аднавілі дадзенае падчас прэзбітэрскага пасвячэння абяцанне вернасці святарскаму служэнню.

Цэнтральным момантам Імшы Хрызма з’яўляецца асвячэнне алеяў хворых і катэхуменаў, а таксама кансэкрацыя алея Хрызма. «Штогадовае асвячэнне алею, які ўжываецца пры ўдзяленні сакрамэнтаў, пры асвячэнні святыняў і алтароў, з’яўляецца знакам надзеі і вечнай маладосці Касцёла, які не стамляецца ў сваёй пілігрымцы да Нябеснага Валадарства», — адзначыў біскуп Алег Буткевіч.

Напрыканцы Імшы сястра Магдалена Дзевульска CR з Наваполацка ад імя законных сясцёр Віцебскай дыяцэзіі павіншавала з днём устанаўлення сакрамэнту святарства біскупа Алега Буткевіча і ўсіх святароў дыяцэзіі, нагадаўшы аб важнай ролі святароў у жыцці Касцёла.

 

Абноўлена 29.03.2018 16:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.