Пошук

28.03.2018 12:00   Catholic.by

Віктар і Ганна Місан пабраліся шлюбам тры гады таму. На той час яны ўжо сустракаліся, але далейшы крок у стварэнні сям’і зрабілі дзякуючы «Вечарам для закаханых».

Такія вечары пры касцёлах ладзяць удзельнікі «Сужэнскіх сустрэч».

«Цёплыя ўспаміны да гэтага часу выклікаюць усмешку і пачуццё таго, што гэта быў патрэбны нам крок. З радасцю дзелімся сваёй гісторыяй з чытачамі Сatholic.by», — адзначаюць Ганна і Віктар.

Віктар: Пра такую форму сустрэч я даведаўся ад свайго брата, які быў вельмі ўражаны, калі прайшоў іх са сваёй будучай жонкай Аленай.

«Ну, калі так спадабалася Андрэю, то, напэўна, там штосьці добрае і цікавае», — думаў я.

Калі праз пэўны час надышла ужо нашая чарга, то справа была за малым — дамовіцца з Аняй (усміхаецца — заўв. рэд.).

Ганна:  Пра вечары для закаханых я чула нашмат раней ад сваёй сяброўкі Машы. Яшчэ да таго, як мы пачалі сустракацца з Віцем.

Калі ж Віця на адным з нашых спатканняў прапанаваў пайсці на гэтыя сустрэчы, я згадзілася без роздуму. Кафэ, кіно, парк… Тут закаханы чалавек хоча паказаць сябе з найлепшага боку. І гэта добра. Але не заўсёды адважышся паразмаўляць на сур’ёзныя тэмы. А які сапраўды мой каханы?

Я меркавала, што «Вечары» дапамогуць мне яшчэ лепш пазнаць яго. І не памылілася.

Віктар: У першы ж Вечар мяне адразу здзівіла форма яго правядзення. Гэта не было месца, дзе правільныя людзі вучаць «правільнаму» жыццю. Гэта выглядала як пляцоўка, дзе з’ядналіся сужэнскі вопыт, вучэнне Каталіцкага Касцёла і маладосць удельнікаў у сяброўскай адкрытай форме.

Ганна: Атмасфера была сямейная, а часам і рамантычная (усміхаецца — заўв. рэд.).

Віктар: Як усё выглядала? Сакрэт! Хай гэта будзе сюрпрызам для тых, хто пойдзе ўпершыню.

Яшчэ я быў здзіўлены, што не толькі католікі ўдзельнічалі ў гэтых сустрэчах, але і праваслаўныя.

Ганна: Хоць мы і шмат размаўлялі з Віцем, праводзілі шмат часу разам, але для мяне стала адкрыццём, што іерархія каштоўнасцей у нас была розная.

Віктар: Кожную сераду мы чакалі, каб прыйсці на тыя сустрэчы. Прапусцілі толькі аднойчы. У той вечар я задаў адно з самых важных пытанняў у жыцці і пачуў на яго «ТАК» (усміхаецца — заўв. рэд.)

Ганна: Вечары для закаханых дапамаглі мне ўбачыць свайго Віцю з розных бакоў. І ў той вечар, калі Віця зрабіў мне прапанову стварыць сям’ю, я з упэненасцю пагадзілася.

Віктар: Вечары для закаханых сталі лагічным працягам нашых адносін і ўмацавалі ўва мне ўпэўненнасць у стварэнні сям'і.

Зацікавіліся? Прыходзьце!

4 красавіка «Вечар для закаханых» пройдзе пры архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. Пачатак у 19.00. Запрасіце адно аднаго на гэтыя рамантычныя спатканні!

Кантактны нумар для запісу на «Вечары»:

+375 29 140 84 56 Іван
+375 29 782 14 66 Алена

Абноўлена 31.03.2022 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.