Пошук

20.03.2018 15:12   Тэкст і фота: Валянціна Міхайлоўская / Catholic.by

Парафіяльны фэст св. Юзафа прайшоў у аднайменнай парафіі ў Маладзечне 19 сакавіка. Вечаровую святую Імшу ў гэты дзень тут узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці.

У сваёй гаміліі іерарх засяродзіўся на асобе св. Юзафа.

«Юзаф як звычайны чалавек і Юзаф як святы, апякун і ахоўнік. Дзве адметныя рысы, уласцівыя святому Юзафу, — гэта добразычлівасць і цярплівасць. Менавіта такіх якасцей — сапраўдных каштоўнасцей — не хапае сучаснаму чалавеку».

Паводле слоў біскупа, бачыць найперш добрае у блізкім, суперажываць і быць побач — гэта павінна быць заданнем для вернікаў.

«Асоба св. Юзафа як узор і сапраўдны арыенцір дапаможа кожнаму жадаючаму атрымаць шчасце наблізіцца да святасці», — сказаў іерарх.

Біскуп прывёў яскравыя прыклады таго, як Бог дзейнічае ў жыцці, і заахвоціў таксама звяртацца да Езуса ў малітве простымі шчырымі словамі.

Адным з асаблівых момантаў урачыстасці стала адарацыя, падчас якой дзеці, моладзь і дарослыя складалі сімвалічныя дары. Найбольш кранальным момантам стала прынясенне ў якасці дара фігуркі белага галубка. Сімвал міру, веры і чысціні незвычайным чынам атуліў усіх прысутных, прымусіў усміхнуцца  сумных і панурых.

Нават у вачах старэнькіх бабуль прамільгнуў праменьчык дзіцячай замілаванасці.

Пасля набажэнства біскуп сустрэўся з моладдзю і міністрантамі, і заахвоціў іх прыслухоўвацца да голасу свайго паклікання.

     

 

Абноўлена 20.03.2018 17:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.