Пошук

02.03.2018 10:30   «Наша ніва»
Ксёндз Гадлеўскі (у цэнтры) разам з моладдзю беларускага гуртка ў Жодзішках, 1925 г.

Гісторык Андрэй Вашкевіч з Гродна ў інтэрв’ю «Нашай ніве» распавёў пра незвычайныя знаходкі падчас працы над кнігай пра кс. Вінцэнта Гадлеўскага, грамадскага і палітычнага дзеяча, стваральніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Змяшчаем урывак з гутаркі.

«НН»: Якая спадчына Гадлеўскага (матэрыяльная, дакументальная) захавалася да нашага часу?

Андрэй Вашкевіч: — У адрозненне ад Станкевіча, ён пакінуў не так шмат напісанага. Але ёсць і адкрыцці, унікальныя рэчы: нядаўна з’явіўся ў Нацыянальным гістарычным архіве яго турэмны дзённік. Гэта 40−50 старонак ад рукі. Я яго цытую ў кнізе, але мела б сэнс выдаць цалкам.

Застаўся дом у Шурычах [Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці], дзе жыў яго дзядзька, Гадлеўскі бываў там. Вядома, стаіць і касцёл у Жодзішках, дзе ён служыў.

Ксёндз Гадлеўскі падчас казання ў касцёле ў Жодзішках, 1924 г.

Для мяне было адкрыццём, што яшчэ гадоў дзесяць таму Гадлеўскага ў Жодзішках памяталі. Бабулі ведалі малітвы па-беларуску, якім ён вучыў. Жыў яшчэ стары сакрыстыянін касцёла — пан Рогач. Калі журналіст Сяргей Лескець хацеў у Жодзішках павесіць мемарыяльную шыльду Гадлеўскаму, а гэта не дазволілі, пан Рогач стукаў кульбай па падлозе і казаў: а я хацеў бы, каб была шыльда Гадлеўскаму.

Стары сакрыстыянін успамінаў, як у 1942 годзе Гадлеўскі прыязджаў у Жодзішкі і казаў: скора надыдзе такі час, калі ні Пілсудскага, ні Сталіна ўжо больш не будзе. Пра Гітлера такога ён не мог сказаць, але людзі зразумелі і гэты намёк.

«НН»: За што Гадлеўскага знішчылі? Ды яшчэ так сімвалічна — перад Божым Нараджэннем?

АВ
: Я ў сваёй кнізе пастараўся адысці ад адназначных сцвярджэнняў. Няма прамых звестак пра лідарства Гадлеўскага ў БНП [Беларускай незалежніцкай партыі]. Увогуле, палітычныя расклады таго часу надзіва мала вывучаныя. Найбольшыя спецыялісты па гэтым перыядзе — Юры Туронак і Юрась Грыбоўскі. Туронак, напрыклад, захапляўся [Вацлавам] Іваноўскім. Я не хацеў, каб у мяне выйшла аналагічная «Гадлеўскацэнтрычная» гісторыя. Гэта доўгі час мяне стрымлівала ад кнігі.

Я налічыў сем верагодных прычын забойства Гадлеўскага. Не хацеў бы высоўваць нейкую адну як асноўную.

Гадлеўскі з канца 1941-га канфліктаваў з немцамі. Асабліва яго абурыў расстрэл двух беларускіх ксяндзоў. Гадлеўскі меў наўпростыя выхады на Берлін, пісаў туды і скардзіўся. Гэта не падабалася мясцовай нямецкай адміністрацыі, праз галаву якой ён дзейнічаў.

Бо ў Беларусі немцы стваралі кантраляваны хаос: кідалі кожнаму народу гэтай тэрыторыі — беларусам, палякам, літоўцам, апроч яўрэяў, канечне, — нейкую падачку і назіралі, як народы грызуцца між сабой. Урэшце пачалася вайна ўсіх супраць усіх.

Што да версій — напрыклад, Гадлеўскаму ў 1942 немцы прапанавалі ствараць аўтакефальны Касцёл, незалежны ад Рыма. Яны не маглі цярпець, што нейкая структура падпарадкоўваецца камусьці, вышэйшаму за Гітлера. Але Гадлеўскі не хацеў быць марыянеткай у іх руках.

Калі яго арыштавалі, многія пісалі: «Ён быў занадта вялікім патрыётам. Але не нямецкім». А гэта не дазвалялася.

Так, дарэчы, і Адаму Станкевічу бальшавікі прапаноўвалі стаць біскупам у Вільні, але адмовіцца ад падпарадкавання Папу. Ён не пагадзіўся і быў закатаваны ў ГУЛагу.

[...]

Гадлеўскі — асоба, безумоўна, трагічная. І мая кніга пра яго — гэта кніга для роздуму. Пра лёс чалавека, які ў надзвычай неспрыяльных для гэтага варунках вырашыў быць палітыкам і паўплываць на лёс свайго народа, а не заставацца староннім назіральнікам.

Інтэрв’ю цалкам чытайце ТУТ>>

Кнігу можна набыць 4 сакавіка ў Мінску, на стэндзе выдавецтва «Янушкевіч» Міжнароднай кніжнай выставы (будынак БелЭКСПа, пр. Пераможцаў, 14). Пачатак аўтограф-сесіі з аўтарам у 13.00.

Абноўлена 02.03.2018 12:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа