Пошук

01.03.2018 16:01   Тэкст і фота: Анастасія Пятрова / Catholic.by

У сацыяльным служэнні Каталіцкага Касцёла асаблівае месца займае праца з моладдзю, асноўная мэта якой — духоўнае і маральнае ўзрастанне маладых людзей.

Папулярызацыя хрысціянскіх каштоўнасцяў у моладзевым асяроддзі — неад’емная частка жыцця парафіі Св. Міхала ў Навагрудку. Хлопцы і дзяўчаты не толькі наведваюць святую Імшу, але і прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні розных мерапрыемстваў.

Знайсці прымяненне сваім талентам і здольнасцям могуць і спартсмены, і музыкі, і мастакі, і проста тыя, хто хоча зрабіць добрую справу. Сярод валанцёраў і ўдзельнікаў можна сустрэць не толькі католікаў, але і маладых людзей іншых канфесій.

Асаблівае месца ў жыцці парафіі займае музыка: для навагрудчан праводзяцца канцэрты духоўнай і класічнай музыкі, арганізуюцца музычныя вечары і майстэрні.

Два гады таму пры касцёле быў створаны моладзевы хрысціянскі гурт. З часам ён атрымаў назву — Veni, што з лацінскай мовы азначае «прыйдзі». У гэтым слове ўвасоблена сутнасць усіх кампазіцый, якія выконвае калектыў, заклікаючы чалавека прыйсці да веры.

Я вырашыла бліжэй пазнаёміцца з маладзёнамі і сустрэлася з імі на адной з рэпетыцый, якія праходзяць у адным з памяшканняў святыні. Тут знаходзяцца музычныя інструменты і іншая неабходная апаратура, а добрая гукаізаляцыя дазваляе гурту праводзіць рэпетыцыі ў кожны час, нікому не перашкаджаючы.

Склад гурта некалькі разоў змяняўся. Сёння ён складаецца з сямі чалавек ва ўзросце 13–25 гадоў. Адны яшчэ вучацца ў школе, а некаторыя ўжо працуюць і завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Усе яны вельмі розныя, аднак іх аб’ядноўвае вера, талент і любоў да музыкі.

«Разам нас сабраў кс. Юрый Жэгарын, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла. Яго зацікаўленасць кожнай справай і шчырае жаданне, каб кожная з іх прыносіла карысць людзям і духоўную радасць, не пакідала нікога абыякавым. Дзякуючы кс. Юрыю мы не проста існуем як калектыў, але і развіваемся, пашыраючы рэпертуар і прымаючы актыўны ўдзел у канцэртах духоўнай музыкі ў розных гарадах Беларусі», — распавялі ўдзельнікі калектыва.

Данііл Сакевіч іграе на барабанах. Ён самы малады ў гурце, а ў калектыў прыйшоў адным з першых. З першых дзён у гурце і Яўген Чарнецкі, які іграе на электрагітары. Юлія Аскерка, Кацярына Шчыкалава і Дар’я Аўсяная — вакалісткі.

Апрача таго, пры выкананні кампазіцый, у якіх гучаць клавішныя інструменты, Юлія іграе на сінтэзатары.

Марк Крывіцкі не толькі іграе на гітары: ён яшчэ і гукарэжысёр. А яго родная сястра і бас-гітарыстка Яна Крывіцкая таксама выконвая абавязкі адміністратара.

Гэта асноўныя іх ролі ў калектыве, і калі гэта неабходна, яны без цяжкасці могуць імі памяняцца або выканаць партыю на іншых музычных інструментах.

Што цікава, большасць з іх нават не заканчвалі школы мастацтваў, а калі нават і вучыліся, то зусім у іншых напрамках. Нездарма кажуць, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім.

«У нас хрысціянская група, таму ўсе тэксты духоўнага зместу. А вось музыка можа быць самая розная — класічная, джазавая і нават рок, — расказваюць суразмоўцы. — Першапачаткова мы выконвалі песні іншых, ужо вядомых хрысціянскіх гуртоў. Цяпер часцей за ўсё бяром гатовы тэкст, а вось музыку падбіраем самі, на слых. За час існавання калектыва мы выканалі больш за 240 кампазіцый. Выступалі не толькі ў касцёлах Навагрудка і Уселюба, але і ў Бярозаўцы, Іўі, Жодзіне і двойчы ў Мінску».

Veni наведаў фестываль «Дастукацца да нябёсаў» у Баранавічах і даў асобны канцэрт у Навагрудскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

Маладзёны не любяць сядзець без справы, таму з радасцю прымаюць запрашэнні выступіць на розных мерапрыемствах. Напрыклад, у студзені 2018 года гурт выступіў падчас раённага мерапрыемства памяці Уладзіміра Высоцкага.

Сем чалавек — яшчэ не мяжа. Паводле ўдзельнікаў, яны гатовыя прыняць у свой калектыў і іншых таленавітых хлопцаў і дзяўчат, якія жывуць з верай у душы, любяць музыку і умеюць спяваць або іграць на музычных інструментах.

Спадзяюся, што абшар музыкі, якую выконваюць удзельнікі гурта Veni, будзе пастаянна пашырацца, аб’ядноўваючы моладзь па ўсёй Беларусі.

Абноўлена 01.03.2018 19:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа