Сёлета прыпадаюць 100-я ўгодкі мучаніцкай смерці кс. Яўгена Святаполк-Мірскага, дэкана Магілёўскага — святара княскага паходжання, люта забітага бальшавікамі ў апошні дзень лютага 1918 года.
Заложнік грамадзянскай вайны
У студзені 1918 г. кіраўнік створанага падчас Першай сусветнай вайны 1-га польскага корпусу генерал Юзаф Доўбар-Мусніцкі выступіў супраць савецкай улады. Ягонае войска заняло Рагачоў і шэраг іншых населеных пунктаў.
У гэты ж час старшынёй Магілёўскага губвыканкама стаў бальшавік Гольман. У горадзе пачаліся арышты. Па абвінавачванні ў «контррэвалюцыйнай дзейнасці» быў схоплены таксама пробашч катэдры і Магілёўскі дэкан кс. Яўген Святаполк-Мірскі.
«Доказаў супраць святара ўлады не мелі, і ўсе былі перакананыя, што яго апраўдаюць», — піша ў кнізе асабістых успамінаў Марына Бялеўская, якая падчас Першай сусветнай вайны і ў першыя гады рэвалюцыі жыла ў Магілёве (Ставка Верховного Главнокомандующаго в Могилеве. Личныя воспоминанія. 1915–1918 г. Вильно, 1932 г.).
Між тым бальшавікоў зусім не цікавіла высвятленне праўды. Арыштаваную ў горадзе інтэлігенцыю яны імкнуліся выкарыстаць у якасці заложнікаў для таго, каб шантажаваць штаб польскага вайсковага корпуса.
20 студзеня губвыканкам скіраваў генералу Доўбар-Мусніцкаму ўльтыматум, патрабуючы ад яго спыніць наступ. У выпадку непадпарадкавання Гольман з таварышамі абяцаў адправіць заложнікаў у Петрапаўлаўскую крэпасць і судзіць іх там як контррэвалюцыянераў.
Крывавая бойня ў судзе
Аднак на наступны дзень пасля ўльтыматума жаўнеры польскага корпуса акупавалі Бабруйск. Савецкая ўлада ў адказ дала загад распачаць супраць іх баявыя дзеянні.
Разам з тым 28 лютага было ўчынена судовае разбіральніцтва над ксяндзом Яўгенам Святаполк-Мірскім, які карыстаўся ў горадзе вялікім аўтарытэтам. У сувязі з гэтым на судовае пасяджэнне, якое адбывалася ў зале жаночай гімназіі, сабралося шмат гараджанаў.
«Судовая зала была поўнай, калі пачуўся бразгат зброі і ў залу ўвайшлі 15 чырвонаармейцаў, выключна падлеткаў, з вінтоўкамі наперавес і з рэвальверамі ў кабурах, — апісвае тыя падзеі Марына Бялеўская. — <…> Усе сядзелі спакойна, чакаючы прыбыцця ксяндза. І вось адчыніліся дзверы, і ўсе ўбачылі, што на парозе стаіць ксёндз, а дакладней, цень таго ксяндза, якога магілёўцы так добра ведалі».
Патомны князь з роду Святаполк-Мірскіх скончыў Магілёўскую рыма-каталіцкую духоўную семінарыю, якая знаходзілася ў Санкт-Пецярбургу. Святарскае пасвячэнне атрымаў 10 сакавіка 1903 года. Першае прызначэнне — вікарыем у магілёўскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама выкладчыкам Закона Божага ў парафіі, Магілёўскай фельчарскай школе і гарадскім вучылішчы. З 1904 па 1909 год ксёндз Яўген быў вікарыем у гомельскім касцёле і выкладчыкам Закона Божага ў тамтэйшай мужчынскай гімназіі, прагімназіі і чыгуначным тэхнічным вучылішчы, а таксама старшынёй гомельскага парафіяльнага Таварыства асветы і дабрачыннасці. У 1910 годзе прызначаны пробашчам Чэрыкаўскага касцёла і дэканам Чавуска-Чэрыкаўскага дэканату.
У 1912 годзе ксёндз Яўген вярнуўся на сваё першае месца служэння, але ўжо ў якасці пробашча і дэкана Магілёўска-Горацкага дэканату. Да самай смерці ён знаходзіўся на гэтай пасадзе, а таксама выкладаў Закон Божы ў жаночай марыінскай гімназіі, быў сакратаром праўлення Польскага таварыства асветы і дабрачыннасці.
За шэсць гадоў служэння ў Магілёве пробашч здабыў пашану і аўтарытэт у мясцовага насельніцтва. Людзі, якія чакалі вызвалення свайго душпастыра, былі моцна збянтэжаныя, убачыўшы яго ў судзе ў такім жахлівым выглядзе.
«Раптам усе як быццам па загадзе ўзнялі неверагодны крык і з праклёнамі кінуліся на ўзброеных з галавы да ног чырвонаармейцаў. Падчас гэтага вэрхалу прагучаў стрэл. Хто страляў, так і засталося невядомым». Чырвонаармейцы пасля гэтага пачалі страляць у людзей, якія падалі на падлогу. Страшэнна енчылі параненыя, са столі ляцелі адбітыя кулямі кавалкі тынкоўкі.
«І толькі адзін ксёндз Святаполк-Мірскі спакойна стаяў пры дзвярах залы і абедзвюма рукамі благаслаўляў ашалелы ад жаху натоўп», — апавядае сведка тых падзеяў Марына Бялеўская.
Ксяндза зноў адправілі ў зняволенне.
«Цела забіць можна, але душу знішчыць нельга»
У той самы дзень 28 лютага т.зв. «рэвалюцыйны трыбунал» за зачыненымі дзвярыма прысудзіў да смяротнага пакарання ксяндза Яўгена Святаполк-Мірскага і яшчэ двух чалавек, абвінавачаных у страляніне ў судзе. Прысуд быў выкананы неадкладна.
Перад расстрэлам бальшавікі патрабавалі ад святара адрачыся ад веры. На гэта мужны вызнаўца Хрыста адказаў: «Цела забіць можна, але душу знішчыць нельга».
Асуджаных расстралялі ў канцы тагачаснай Чарнігаўскай вуліцы ў сасонніку насупраць цяперашняга мясакамбіната. Цяпер на гэтым месцы стаіць крыж у памяць пра ўсіх забітых бязбожнымі ўладамі.
Па ўспамінах магілёўскіх старажылаў, ксёндз сустрэў смерць, трымаючы ў руках ружанец. Перад тым, як забіць, святара катавалі. На яго целе было пяць ранаў ад куль, чатыры колатыя раны, галава была разбітая, а рукі пераламаныя. Цела ксяндза Яўгена разам з целамі двух вельмі маладых людзей спярша перанеслі ў крыпту капліцы на каталіцкіх могілках, а калі горад заняў корпус генерала Доўбар-Мусніцкага, адбылося ўрачыстае пахаванне. У архіўных дакументах ёсць звесткі, што ў пахаванні закатаванага бальшавікамі каталіцкага святара акрамя жаўнераў, каталіцкага духавенства і польскага насельніцтва ўзялі ўдзел таксама праваслаўныя святары ўсіх гарадскіх цэркваў і прадстаўнікі мясцовай юдэйскай супольнасці.
29 сакавіка 2008 г. у магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, дзе служыў ксёндз дэкан Яўген Святаполк-Мірскі, арцыбіскуп Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў мемарыяльны знак у выглядзе крыжа «Пакутнікам за веру».
На ім — імёны каталіцкіх духоўных асобаў, якія служылі ў магілёўскім касцёле і цярпелі пераслед за веру ў ХХ стагоддзі. Гэта арцыбіскупы Эдвард Роп, Ян Цепляк, біскуп Баляслаў Слосканс, ксяндзы дэканы Яўген Святаполк-Мірскі, Пётр Зялінскі, Вітальд Пашкевіч, Юзаф Белагаловы, Пётр Аўгла.
Увенчваюць мэмарыяльную дошку цярновы вянок і словы, якія 100 гадоў таму сказаў перад смерцю сваім катам ксёндз Яўген Святаполк-Мірскі: «Цела забіць можна, але душу знішчыць нельга».
In memoriam
28 лютага 2018 года на ўшанаванне 100-х угодкаў мучаніцкай смерці за веру ксяндза дэкана Яўгена Святаполк-Мірскага біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў набажэнства на месцы пахавання закатаванага бальшавікамі святара на магілёўскіх каталіцкіх могілках («Польскія могілкі»), пасля якога ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў памяць мучаніка за веру.