Пошук

23.02.2018 08:00   Фота: www.diplomaticourier.com / Catholic.by

Пятніцу першага тыдня Вялікага посту, 23 лютага, папа Францішак абвясціў асаблівым днём посту і малітвы за мір.

У гэты дзень мы просім Езуса — Князя Супакою — перадусім у інтэнцыі народаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана, якія пакутуюць ад цяжкіх унутраных канфліктаў, і молімся за мір ва ўсім свеце. Вернікі Касцёла на Беларусі памятаюць у сваіх малітвах таксама пра народ братняй Украіны, які ўжо чацвёрты год пакутуе ад крывавага ўнутранага канфлікту на ўсходзе краіны.

Папа Францішак заахвоціў ўсіх людзей добрай волі падтрымаць ягоную ініцыятыву.

Якім чынам мы далучаемся да ініцыятывы Святога Айца?

Нагадаем, што ўсе вернікі з чатырнаццацігадовага ўзросту абавязаны па пятніцах устрымлівацца ад мяса. Пост, у адрозненне ад такога ўстрымання, уключае ў сябе таксама колькаснае абмежаванне ў ежы:

дапускаецца адзін раз паесці дасыта, але пры гэтым не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Пост датычыцца вернікаў ва ўзросце з 18 да 60 гадоў, а ўсе іншыя могуць далучыцца да яго па магчымасці.

Тыя, каму дазваляе стан здароўя, могуць дабравольна накласці на сябе дадатковыя абмежаванні ў ежы (напрыклад, пост «на хлебе і вадзе»), або выбраць іншыя пабожныя формы посту. У перыяд Вялікага посту трэба адмовіцца ад удзелу ў гучных забавах: застоллях, дыскатэках, святкаваннях, канцэртах, якія перашкаджаюць захаванню духоўнай засяроджанасці, і ў іншых забаўляльных мерапрыемствах.

Не з’яўляюцца выключэннем і падобныя мерапрыемствы, звязаныя з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл.

Няхай Бог благаславіць усіх, хто на заклік папы Францішка далучыцца да дня посту і малітвы за мір; няхай дапаможа вытрываць у добрым намеры і выслухае нашы малітвы.

Абноўлена 26.02.2018 10:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця