Пошук

21.02.2018 14:05   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by

23 лютага папа Францішак абвясціў асаблівым днём посту і малітвы за мір, які супаў з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл.

Пятніцу першага тыдня Вялікага посту Святы Айцец абвясціў асаблівым днём посту і малітвы за мір перадусім у інтэнцыі народаў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (ДРК) і Паўднёвага Судана. Гэтую ініцыятыву Папа заклікаў падтрымаць як вернікаў, так і ўсіх людзей добрай волі.

Як жа спалучыць дзень посту і малітвы з Днём абаронцаў Айчыны, які ў нас святкуюць як нейкі своеасаблівы «дзень мужчын»?

Актуальнасць папскай ініцыятывы

Сёння ў свеце ідзе некалькі дзясяткаў войнаў і ўзброеных канфліктаў. Канфлікт у ДРК, які распачаўся ў жніўні 1998 г. і з перапынкамі цягнецца да сённяшняга дня, за няпоўныя 20 гадоў стаў самым крывавым у гісторыі пасля Другой сусветнай вайны, забраўшы больш за 5 млн ахвяраў.

Таксама сітуацыя ў самай маладой з прызнаных дзяржаў у свеце, Паўднёвым Судане, напрыканцы мінулага года экспертамі ААН была прызнана «блізкай да катастрофы». Паводле іх ацэнак, краіна знаходзіцца на мяжы генацыду. Канфлікт тут працягваецца з часу абвяшчэння незалежнасці ў 2011 г. і па афіцыйнай версіі ідзе паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі, а насамрэч — паміж прадстаўнікамі двух мясцовых плямёнаў.

Найбольш блізкі да нас узброены канфлікт, які ідзе ўжо чацвёрты год, — гэта канфлікт на ўсходзе Украіны, ахвярамі якога па розных даных сталі каля 10 тысяч чалавек, а колькасць бежанцаў з зоны баявых дзеянняў ужо даўно перавысіла 2 млн чалавек, многія з якіх знайшлі прытулак у нашай краіне.

Шчаслівыя міратворцы

Менавіта ў вырашэнні канфлікту ва Украіне нашай краіне выпала асаблівая роля. На жаль, Мінскія пагадненні, якія павінны былі паспрыяць усталяванню доўгачаканага міру ў суседняй краіне, пакуль не прынеслі жаданых вынікаў. Чаму ж так няпроста прымірыць тых, хто перайшоў мяжу мірнага дыялогу і ступіў на сцежку вайны?..

«Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі», — кажа Езус у сваім Нагорным казанні (пар. Мц 5, 9).

Каб быць міратворцам, трэба перш за ўсё ўсведамляць, што мір — гэта найвялікшая каштоўнасць для грамадства, параўнальная, хіба што, са здароўем для чалавека. 19 верасня ў Мінску з нагоды Міжнароднага дня міру прадстаўнікі розных веравызнанняў разам памаліліся за мір. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, тады адзначыў:

«Мір — гэта не толькі адсутнасць вайны, але і справа справядлівасці, таму мір немагчыма здабыць, яго неабходна будаваць».

Такім чынам, справа міру становіцца заданнем для кожнага чалавека добрай волі, перадусім веруючага.

Si vis pacem, para bellum

Неабходнай умовай пабудовы міру з’яўляецца, безумоўна, жаданне міру. Пад гэтым разумецца таксама адмаўленне ад «мілітарысцкага мыслення», якое найбольш яскрава выказаў рымскі гісторык Карнэлій Непот: Si vis pacem, para bellum — «калі жадаеш міру, рыхтуйся да вайны».

Кіруючыся гэтай парадаксальнай «мудрасцю», чалавецтва, ні на дзень не перастаючы ваяваць, перажыло ўжо дзве сусветныя вайны і безліч іншых узброеных канфліктаў, а таксама т.зв. «халодную вайну», небяспечна прабалансаваўшы на мяжы знішчальнай для ўсяго жывога ядзернай катастрофы. І цяпер, калі некаторыя палітыкі зноў пачынаюць казаць пра неабходнасць нарошчваць узбраенні, узнікае пытанне: «А да чаго такі падыход можа нас давесці?..»

«Мы, беларусы — мірныя людзі…»

Натуральным імкненнем чалавека з’яўляецца жаданне міру. І першыя словы дзяржаўнага гімна Беларусі — гэта не нейкая пустая дэкларацыя. Гэта — «крык душы» народа, які пакутаваў ад войнаў, як мала які іншы. На працягу стагоддзяў лілася кроў мірных беларусаў, якія ніколі ў сваёй гісторыі не былі захопнікамі, а мусілі бараніць сваю зямельку-маці ад бязлітасных чужынцаў.

«Свет праз вякі не бачыў жудасцяў гэткіх», якія перажыў наш народ падчас апошняй вайны. Так, мы памятаем пра бессмяротны подзвіг народа, але крый нас Божа забыцца калі-небудзь пра яго пакуты, якія прынесла з сабою тая жахлівая вайна!

Проста не мае маральнага права забыцца пра гэта народ, які ў свеце ведаюць па фільме «Ідзі і глядзі», знятым па сцэнарыі Алеся Адамовіча. Мы не маем права забыцца пра жудасці вайны перш за ўсё таму, што памяць — гэта наша надзейная прылада ў справе будаўніцтва міру, каб ніколі не дапусціць паўтарэння гэтай страшэннай трагедыі.

Кадр з фільма «Ідзі і глядзі»

Мірны патрыятызм

Памятаць — не значыць толькі аплакваць. Памятаць — значыць дзейнічаць. Памятаць — значыць не даць сябе падмануць тым сілам, якія імкнуцца зноў пасеяць варажнечу паміж людзьмі і народамі, якія імкнуцца падзяліць людзей, ствараючы вобраз ворага. Сапраўднае патрыятычнае выхаванне, якое ў нас яшчэ з часоў «халоднай вайны» чамусьці асацыюецца перадусім з ваеннай падрыхтоўкай, насамрэч не мае нічога супольнага з мілітарысцкім мысленнем. Не аспрэчваючы неабходнасць у надзейных сродках абароны, ні ў якім выпадку нельга ставіць знак роўнасці паміж патрыятычным выхаваннем і ваеннай падрыхтоўкай.

Патрыятызм, або любоў да Радзімы, пачынаецца з любові да міру, як калісьці з урока міру пачынаўся кожны навучальны год.

І цяжка зразумець логіку тых, хто сёння вырашыў, што для першага школьнага занятку ёсць тэмы больш важныя, чым мір і тое, што кожны з нас можа і павінен зрабіць для яго абароны.

Мір як заданне

Менавіта з дзяцінства павінна пачынацца выхаванне любові да міру, неаддзельнай ад любові да сваёй Радзімы. Гісторыя, якую вялікі красамоўца старажытнасці Цыцэрон назваў «настаўніцай жыцця», вучыць нас, што менавіта дзеці і моладзь аказваюцца першымі ахвярамі вайны.

Нездарма перад абедзвюма сусветнымі войнамі іх падпальшчыкі менавіта на дзяцей і юнацтва абрынулі лавіну мілітарысцкай прапаганды, ствараючы дзіцячыя ваенізаваныя арганізацыі, накшталт сумнавядомага «гітлерюгенда». І ў нашы дні па даных ААН ва ўзброеные канфлікты непасрэдна ўцягнуты каля 250 тыс. дзяцей. А колькі іх наогул пакутуе ад гэтых канфліктаў, толькі Богу вядома…

Што можна прапанаваць сёння маленькім беларусам, каб выхаваць іх сапраўднымі міралюбнымі патрыётамі, якія, з аднаго боку, не паддадуцца на мілітарысцкія правакацыі, а з другога — не падхопяць заразы касмапалітычнага пацыфізму сучасных «дзяцей кветак», чые антываенныя лозунгі ў той жа час непрыхавана амаральныя?

Можа, хопіць ужо атаясамліваць мужнасць з разбуральнай ваеннай сілай? Сапраўдны мужчына — не той, які ваюе і разбурае, а той, які працуе і стварае: гадуе сыноў, будуе дамы, садзіць сады. І толькі пры пагрозе бяды цвёрдаю рукою гатовы абараняць мірнае неба над галавою сваіх родных і суседзяў. Таму недарэчным анахранізмам у патрыятычным выхаванні, як паштоўкі са старымі савецкімі сімваламі, сёння, у час подлых «гібрыдных войнаў», выглядаюць і рамантызацыя вайсковай службы, і дэманстрацыя ваеннай тэхнікі на вуліцах мірных гарадоў.

А ад выгляду дзяцей у ваеннай форме ціснецца сляза не замілавання, а непазбыўнага болю на вочы, якія бачылі жахі вайны: Другой сусветнай, афганскай, украінскай...

Сапраўдны мужчына — не той, які ваюе і разбурае, а той, які працуе і стварае: гадуе сыноў, будуе дамы, садзіць сады. Фота: Марына Валасар

Усе, хто адчувае сваю адказнасць у гэтай справе, а менавіта бацькі, школа і нашы традыцыйныя рэлігійныя супольнасці, павінны, нарэшце, зразумець, што толькі вяртанне да традыцыйных для нашага народа хрысціянскіх каштоўнасцяў можа нам дапамагчы справіцца з гэтым складаным, але жыццёва неабходным заданнем адказнага патрыятычнага выхавання наступных пакаленняў мірных беларусаў.

23 лютага і 8 сакавіка

Трагічны вопыт нашых суседзяў занадта відавочна паказаў, што ідэалагічная спадчына Савецкага Саюза не ва ўсім і не заўсёды з’яўляецца ў постсавецкім грамадстве кансалідуючым фактарам, які спрыяе захаванню згоды, стабільнасці і міру, такіх дарагіх для кожнага беларуса.

Не ставячы пытанне такім чынам, каб наогул адмовіцца ад гэтых святочных дзён, варта падумаць, якім новым зместам, не супярэчным нашым традыцыйным каштоўнасцям і бясспрэчнай адданасці справе міру, яны могуць быць сёння напоўнены.

Зрабіць гэта не так складана, тым больш таму, што, шчыра кажучы, гэтыя даты аж так занадта не звязаныя ні з якімі важнымі падзеямі ў гісторыі нашага народа і былі ў 20-я гады мінулага стагоддзя даволі выпадкова і штучна вызначаны савецкімі ідэолагамі.

Зрабіць гэта варта яшчэ і таму, што зазвычай у гэты час і праваслаўныя, і католікі перажываюць асаблівы час пакаяння — Вялікі пост. У гэты перыяд немагчымыя застоллі, дыскатэкі і іншыя гучныя забавы, бо цяпер з дапамогаю аскезы і ўстрымання мы імкнемся ачысціцца ад грахоў і наблізіцца да Бога.

Акрамя таго, 23 лютага сёлета прыпадае на пятніцу, калі кожны католік, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, павінен устрымлівацца ад мясных страваў, а тыя, хто далучыцца да абвешчанага Святым Айцом посту, могуць адзін раз паесці дасыта і спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары.

Таму пост і малітва, якою мы, паслухмяныя закліку Святога Айца, ахінем у гэты дзень людзей і народы, што пакутуюць ад войнаў і ўзброеных канфліктаў, стане для нас найлепшым святкаваннем дня абаронца міру, якім пакліканы стаць кожны.

Заданне ж духоўных асобаў у гэтыя дні ў тым, каб маліцца таксама за нашых ваенных, асабліва за маладзенькіх хлопцаў, якія служаць у войску, каб маліцца за нашых дарагіх жанчын: бабуль, матуль, сясцёр, але нагадваць пры гэтым вернікам, бацькам і дзецям, што не можа быць гулянак, застолляў і дыскатэк падчас посту.

Напэўна, не без удзелу Божага Провіду папа Францішак заклікаў вернікаў і ўсіх людзей добрай волі да малітвы і посту за мір менавіта ў Дзень абаронцаў Айчыны.

Сёння, калі нашыя чалавечыя намаганні па ўсталяванню міра прыносяць яўна недастатковы плён, мы пакліканыя ўскласці ўсю нашу надзею на Бога, які адзіны можа даць людзям сапраўдны мір.

У гэты дзень кожны з нас можа адчуць сваю прыналежнасць і стаць сапраўдным абаронцам нашай адзінай вялікай Айчыны — планеты Зямля, і няхай добры Бог выслухае нашыя малітвы і адорыць нас мірам.

***

Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх матэрыялах, не з'яўляюцца афіцыйным вучэннем Касцёла і могуць не адлюстроўваць пазіцыі ККББ па закранутых пытаннях.

Абноўлена 12.03.2018 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа