У Інстытуце мовазнаўства імя Я. Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі праходзіць Міжнародная навуковая канферэнцыя на тэму «Беларуская мова ў сферы sacrum: гісторыя і сучаснасць».
Мовазнаўчы форум прымеркаваны да Дня роднай мовы, які ва ўсім свеце адзначаецца 21 лютага.
На канферэнцыі выступіць і супрацоўніца Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ — доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук.
Сярод пытанняў, якія плануецца абмеркаваць на форуме — асаблівасці функцыянавання беларускай мовы ў рэлігійнай сферы жыцця сучаснага грамадства і ў літургічнай прасторы, гісторыя ўжывання беларускай мовы ў рэлігійнай кніжнасці і літургіі, пераклады Бібліі і асобных біблійных кніг на беларускую мову ў XX–XXI ст.
Даведка:
Дзень роднай мовы пачаў адзначацца 21 лютага з 1999 года, калі пра гэта абвясціла ЮНЕСКА. Свята роднай мовы было створана для ўсведамлення культурных традыцый розных краін і падтрымкі іх моўнай разнастайнасці.
Свята бярэ свае карані 21 лютага 1952 годзе. Тады на тэрыторыі Пакістана загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за мову бангла і выступалі за наданне ёй статусу дзяржаўнай мовы. Пазней з усходняй часткі гэтай краіны ўтварыўся Бангладэш.