Запрашаем на велікапосныя рэкалекцыі ў рэжыме онлайн пад назвай «У пустыню», каб прысвяціць час разважанням і малітве, аддаліцца ад штодзённых клопатаў, задумацца над станам сваіх адносінаў з Богам, людзьмі і светам.
Час падрыхтоўкі да святкавання Пасхальнай таямніцы — вельмі добрая нагода зрабіць такі рэкалекцыйны перапынак.
Дапамогай і правадыром для нашай малітвы ў гэтым годзе стануць разважанні над тым, што значыць вандроўка ў пустыню. На старонках Бібліі пустыня — месца падрыхтоўкі; месца пераадолення спакусы; месца, куды Бог прыводзіць на пэўны час многіх людзей, у тым ліку Езуса перад пачаткам Яго служэння. Рэкалекцыі дадуць нам магчымасць паразважаць над вобразамі пустыні ў Старым і Новым Запавеце, а таксама над пустэльнымі мясцінамі ў нашым жыцці.
Мы спадзяёмся, што малітва з тэкстамі гэтых рэкалекцый паспрыяе глыбокай і асабістай сустэчы з Панам, якая здолее перамяніць наша жыццё.
Ужо зараз, распачынаючы шлях, падумаем над практычнымі пытаннямі: колькі часу, калі і дзе мы зможам маліцца?
Найлепш выбраць загадзя працягласць малітвы і прытрымлівацца яе.
Нельга паддавацца спакусе скончыць хутчэй, калі малітва даецца цяжка, ці працягнуць даўжэй, калі яна ідзе лёгка.
Тэксты, прадстаўленыя ў кожным разважанні, разлічаны прыкладна на 15 хвілін, але можна дадаць час на падрыхтоўку і на пазнейшы прагляд сваіх думак.
Такім чынам, застаецца выбраць месца і час. У кожнага з нас свае ўпадабанні. Хтосьці аддае перавагу ранішняй малітве, а хтосьці робіць малітоўны перапынак сярод дня ці найлепшым часам лічыць позні вечар. Онлайн-рэкалекцыі дазваляюць маліцца ў любым месцы: па дарозе на працу, падчас шпацыру, дома ці ў святыні. Варта паспрабаваць розныя варыянты і выбраць той, які адпавядае кожнаму асабіста.
І нарэшце, неабходна задаць сабе пытанне: «Дзеля чаго я буду браць удзел у гэтых рэкалецыях? Якія дары і ласкі спадзяюся атрымаць ад Бога? Чаго прагну, каб Ён даў мне?
Перад тым, як пачаць, проста падумаем аб Божым запрашэнні сустрэцца з Ім на гэтым шляху, а таксама аб шматлікіх людзях па ўсім свеце, якія моляцца велікапоснымі разважаннямі разам з намі.
Уводзіны
Вялікі пост нагадвае нам пра сорак дзён, якія Езус правёў у пустыні, перш чым пачаў прапаведваць. Ён правёў гэты час у малітве і посце, але пустыня стала таксама месцам пераадолення спакус. Ён вяртаўся ў пустэльныя мясціны і пазней, калі адчуваў патрэбу ў адпачынку і цішыні.
У Святым Пісанні існуе таксама даўняя традыцыя, якая лічыць пустыню месцам сустрэчы з Богам, калі чалавек аддаляецца ад заклапочанасці паўсядзённага жыцця.
У рэкалекцыях гэтага Вялікага посту мы запрашаем знайсці месца і час, калі мы зможам вызваліцца ад шматлікіх заняткаў, каб сустрэцца з Богам і адпачыць у Яго прысутнасці. Мы паглядзім на розныя шляхі, якія прывялі мужчын і жанчын у пустыню ў Старым і Новым Запавеце, і паспрабуем зразумець, што яны знайшлі там.
Мы ўбачым, як яны адрэагавалі на Бога, якога сустрэлі ў гэтых ціхіх мясцінах, і будзем па-свойму старацца адказаць таму самаму Богу, які працягвае запрашаць сваіх сяброў узяць тайм-аўт проста дзеля таго, каб атрымліваць асалоду ад Яго прысутнасці.
***
Велікапосныя рэкалекцыі падрыхтаваныя айцом езуітам Полам Нікалсанам SI і адаптаваныя для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы».