Пошук

06.02.2018 10:51   Фота: Ілья Ваніслаўчык / Catholic.by

3-4 лютага ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску праходзіла адмысловая акцыя пад назвай «Стань семінарыстам на ўікэнд», падрыхтаваная для юнакоў, якія разважаюць над сваім пакліканнем. У мерапрыемстве прынялі ўдзел маладыя людзі з Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Як ужо паведамлялася, такога тыпу душпастырская акцыя для юнакоў праводзіцца ў многіх семінарыях свету. Яна дазваляе маладым людзям бліжэй пазнаёміцца з жыццём духоўнай установы, якая займаецца фармацыяй будучых святароў. У пінскай семінарыі гэтая сустрэча збірае юнакоў ужо другі год.

Некаторыя ўдзельнікі мінулых сустрэч у межах акцыі мелі магчымасць больш рашуча адказаць на голас Хрыстовага паклікання і паступіць на вучобу ў семінарыю.

На гэты раз юнакі маглі не толькі акунуцца ў рытм жыцця семінарыстаў, але і актыўна паўдзельнічаць у падрыхтоўцы разнастайных заданняў і служэнняў, якія выконваюць кандыдаты да святарства. Гэта і падрыхтоўка літургіі, і аздабленне капліцы, і звычайны клопат пра штодзённыя патрэбы духоўнай супольнасці. Шмат часу маладыя людзі мелі на асабістую малітву ў капліцы семінарыстаў, а таксама на духоўныя размовы са святарамі і навучэнцамі.

Час прайшоў хутка, вельмі насычана, прыносячы багатыя духоўныя плёны, аб чым шчыра сведчылі ўдзельнікі.

Наступная акцыя «Стань семінарыстам на ўікэнд», калі юнакі зноў змогуць бліжэй пазнаёміцца з семінарыяй, запланавана на 26-27 мая.

Абноўлена 06.02.2018 10:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа