26 студзеня ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску адбылася святая Імша за адзінства хрысціянаў, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Набажэнства, на якім прысутнічалі вернікі некалькіх парафій Віцебска, адбылося ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў.
«Парушанае адзінства хрысціянаў стрымлівае перадусім абвяшчэнне аб Божай любові і міласэрнасці», — падкрэсліў іерарх у гаміліі, прамоўленай падчас Імшы.
Сярод прысутных на Імшы малілася і Таццяна Абрамава, верніца віцебскай парафіі Святога Духа. Для яе гэтая малітва мае важнае значэнне. Сама яна каталічка, а яе муж — праваслаўны. У сям’і Абрамавых рэлігійныя святы адзначаюць і паводле грыгарыянскага, і паводле юліянскага календара. Нярэдка муж наведвае Імшу разам з жонкай.
Акрамя гэтага, у сям’і ёсць добрая традыцыя — разам наведваць каталіцкія санктуарыі. Кожны год Таццяна разам з браслаўскай парафіяй вырушвае ў пілігрымку ў Будслаў, дзе да яе далучаецца муж, пасля чаго сям’я разам моліцца на працягу сутак. Двойчы на год, у жніўні і лютым, муж і жонка Абрамавы ездзяць у росіцкі санктуарый, дзе разам трываюць на малітве цэлыя суткі.
«Сапраўднае адзінства хрысціянаў пачынаецца не з гучных словаў, а з малых учынкаў. І перадусім яно пачынаецца з сям’і», — адзначыла Таццяна Абрамава.