25 студзеня, у свята Навяртання св. апостала Паўла, у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі прайшла душпастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінскай вобласці.
У традыцыйным настаўленні святарам, якое прамовіў кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, ён звярнуў увагу на тое, што святар не можа заставацца абыякавым да людзей, якія да яго звяртаюцца, і іхніх праблем. Ад таго, хто носіць габіт або сутану, людзі чакаюць дапамогі і суцяшэння або, прынамсі, спачування.
Чалавечыя адносіны да людзей — неабходная ўмова абвяшчэння Евангелля ў наш час, — нагадаў удзельнікам сустрэчы адказны за пастаянную фармацыю духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ў гэтай самай святыні і ў гэты самы дзень чатыры гады таму з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прыняў біскупскую кансэкрацыю. Мітрапаліт на пачатку Імшы павіншаваў свайго бліжэйшага супрацоўніка і пажадаў яму доўгіх гадоў плённага біскупскага служэння.
У сваёй гаміліі біскуп Юрый засяродзіўся на асобе святога Паўла — апостала язычнікаў, прыклад якога асабліва актуальны ў наш час, які можна назваць «часам неаязычніцтва». Сённяшнія апосталы — біскупы, святары і кансэкраваныя асобы — пакліканыя таксама, як святы Павел, абвяшчаць людзям Хрыста. Пры гэтым яны павінны асцерагацца прывязваць людзей да сябе, таму што заданне духоўнай асобы — дапамагчы іншым людзям знайсці Бога, вылечыць іх ад духоўнай слепаты і ўбачыць у сваім жыцці Божую волю.
На арганізацыйнай частцы сустрэчы былі анансаваны некаторыя падзеі. У прыватнасці, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў пра тэму, якой будзе прысвечана пастырская праграма ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў 2018 годзе — моладзь як надзея Касцёла і грамадства. З гэтай нагоды ў Гродне з 29 красавіка па 1 мая пройдзе агульнабеларуская сустрэча моладзі на тэму «Не бойся Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30).
5 лютага ў мінскай архікатэдры пройдзе сустрэча кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі (пачатак а 11-й гадзіне).
9–10 сакавіка ў катэдрах Беларусі будуць арганізаваны набажэнствы «24 гадзіны для Пана».