14 студзеня ў вёсцы Зорка Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці прайшло ўрачыстае благаслаўленне новаўладкаванай капліцы, у якой раней размяшчалася бібліятэка.
Капліцу, разлічаную на 40 месцаў, благаславіў пробашч парафіі Перамянення Пана ў Германавічах кс. Ян Пугачоў.
Адкрыццё капліцы стала магчымым дзякуючы ахвяраванням вернікаў і падтрымцы сельгаспрадпрыемства ААТ «Ельня-Агра».
«Сёння нашыя сэрцы перапаўняюцца вялікай радасцю, — адзначыў падчас святой Імшы, звяртаючыся да ўсіх прысутных, кс. Ян Пугачоў. — Мы цэлебруем найсвяцейшую Эўхарыстыю ў новай капліцы. Яе ўладкаванне было галоўнай справай усёй парафіяльнай супольнасці.
Памолімся за тое, каб капліца паказвала людзям на важнае ў іх жыцці і прыводзіла да Бога. Няхай будзе трывалай сувязь людзей з Богам!»
На заканчэнне Імшы святар падзякаваў усім, хто далучыўся да арганізацыі і рамонту будынка.