Пошук

15.01.2018 17:16   Святлана Грышына / Фота: Юлія Бакуновіч / diatlovonews.by

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі благаславіў каталіцкую капліцу пры раённым шпіталі ў Дзятлаве.

Іерарха пад гукі духавога аркестра з Наваельні ўрачыста сустракалі пры ўездзе на тэрыторыю бальніцы. Іерарха прывіталі пробашч кс. Здзіслаў Пікула, намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч і галоўны ўрач шпіталя Марыя Максімовіч.

У актавай зале бальніцы біскуп цэлебраваў святую Імшу. «Усе ідуць у Бэтлеем, каб пакланіцца Пану Езусу. Сёння мы можам назваць Бэтлеемам і гэтае месца ў бальніцы, дзе народзіцца Хрыстус і застанецца тут. Кожны, хто шукае да Яго дарогу, хто просіць дапамогі, зможа прыйсці і пакланіцца Яму». Іерарх падзякаваў людзям у белых халатах, якія штодзень трываюць тут у сваім пакліканні, дапамагаючы людзям.

Біскуп звярнуў увагу, што ў многіх шпіталях і вязніцах ёсць капліцы, каб чалавек меў месца і магчымасць звярнуцца да Бога. Менавіта прысутнасць капліцы — прысутнасць Бога ў такіх месцах — паводле слоў іерарха, вельмі важная і значная.

«Нават уначы ў капліцах заўсёды нехта ёсць, хто моліцца, звяртаючыся да Бога, і тады яму лягчэй з Езусам ісці на аперацыйны стол, а ўрачу — браць у рукі скальпель», — зазначыў біскуп.

«Сёння тут пачынаецца новая гісторыя. Але ці зменіцца падыход да дактароў, пацыентаў — залежыць ад нас. Няхай гэтае святое месца будзе месцам поўнага даверу Езусу Хрысту нашага жыцця», — заключыў біскуп Юзаф Станеўскі.

Біскуп благаславіў капліцу, размешчаную на трэцім паверсе шпіталя, у гонар Маці Божай з Люрда.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа