З 5 па 7 студзеня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне праходзілі рэкалекцыі па распазнанні паклікання на тэму «Не бойцеся! Абвяшчаю вам вялікую радасць... сёння ў горадзе Давіда нарадзіўся нам Збаўца... » (пар Лк 2, 10-11).
Асноўная ідэя сустрэчы, якая адбывалася пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Лішко і кс. Валерыя Быкоўскага, зводзілася да таго, каб абудзіць у юнакоў адказнасць за выбар уласнай жыццёвай сцежкі, а таксама аднавіць прагненне ставіць Божую волю на першае месца, каб быць здольнымі ўзгадняць свае думкі з думкамі Бога.
Насычаная рознымі мерапрыемствамі праграма дня прадугледжвала між іншым магчымасць асабістай сустрэчы юнакоў са святарамі і семінарыстамі, калі кожны жадаючы мог падзяліцца ўласным перажываннем веры і задаць хвалюючыя пытанні.
Арганізатары, а таксама семінарысты, маюць надзею, што гэтыя рэкалекцыі паўплываюць на духоўнае жыццё міністрантаў, стануць штуршком да таго, каб час ад часу яны спыняліся над таямніцай свайго паклікання, што дапаможа ім станавіцца сапраўднымі вучнямі Хрыста і сведкамі Яго бязмежнай любові і дабрыні.