З 4 па 6 студзеня ў Мядзелі адбыліся рэкалекцыі для хлопцаў. Удзел у духоўных практыкаваннях прынялі дзевяць юнакоў з трох парафій: у Мінску, Нарачы, Будславе.
Тэмай рэкалекцый было распазнанне свайго паклікання і паглыбленне веры ў жыцці. Распазнанню паклікання спрыялі цішыня, супакой, малітва, канферэнцыі і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Хлопцы разам з айцамі кармэлітамі наведалі новаадбудаваную мядзельскую Кальварыю. Цэнтральнай часткай дня была Эўхарыстыя.
Падчас рэкалекцый удзельнікі жылі духам кармэліцкай супольнасці: маліліся Літургіяй гадзінаў, святым Ружанцам, дзень заканчваўся адарацыяй і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.