З 3 па 5 студзеня пры Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску праходзіла фармацыйная сустрэча міністрантаў і юнакоў, якія разважаюць над сваім пакліканнем, з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Сустрэчу праводзіў кс. Павел Рудзьман, адказны за душпастырства моладзі і пакліканняў Пінскай дыяцэзіі.
Сустрэча пачалася са святой Імшы ў катэдральнай базыліцы. Праграма была вельмі насычанай. Міністранты практыкаваліся ў службе пры алтары, мелі духоўныя, літургічныя і катэхетычныя заняткі. Паміж гэтым хлопцы паспаборнічалі ў футболе і настольным тэнісе.
Галоўнае месца ў семінарыі – капліца, дзе супольнасць фарматараў і навучэнцаў збіраeцца на малітвы і набажэнствы. Юнакі таксама мелі магчымасць пранікнуцца духам супольнай Эўхарыстыі ў семінарыйнай капліцы, удзельнічаючы ў святых Імшах і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Удзел у сустрэчы прыняў і біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. Іерарх падзяліўся з юнакамі аплаткай, узначаліў для іх Імшу і заахвоціў маліцца аб пакліканнях да Божай службы.
Сустрэча дапамагла ўдзельнікам паглыбіць духоўнасць, спазнаць адказнасць, якую міністранты нясуць пры служэнні каля алтара, а таксама падзяліцца новымі ўражаннямі і вопытам.