3 студзеня пінская катэдральная базыліка і Міждыяцэзіяльная духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага напоўніліся радасным калядным спевам і малітвай, перажываючы адразу некалькі святочных нагодаў.
Па-першае, гэты дзень сабраў духавенства і кансэкраваных асобаў з усёй Пінскай дыяцэзіі на сумесную калядную аплатку. Па-другое, дыяцэзіяльная супольнасць віншавала біскупа Пінскага Антонія Дзям’янку з днём нараджэння. Па-трэцяе, у гэты дзень у духоўнай семінарыі распачаўся чарговы фармацыйны з’езд міністрантаў і юнакоў, якія разважаюць над пакліканнем.
Святкаванне пачалося духоўнай канферэнцыяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту ў пінскай катэдры. Працягам стала супольная Эўхарыстыя, якую цэлебраваў біскуп Антоні Дзям’янка. У святой Імшы прынялі ўдзел святары дыяцэзіі, прадстаўнікі манаскіх супольнасцяў, семінарысты, а таксама міністранты з розных куткоў Палесся.
Падчас літургіі ўдзельнікі маліліся за пастыра дыяцэзіі з нагоды дня яго нараджэння. Падчас малітвы адзін са святароў звярнуў увагу на вялікі дар такога роду сустрэчы, калі ўвесь мясцовы Касцёл можа сабрацца вакол свайго біскупа — наступніка апосталаў.
Пасля Імшы ўсе сабраныя падзяліліся аплаткай у сценах духоўнай семінарыі.