Пошук

04.01.2018 11:28   Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

3 студзеня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле. У гэты дзень іерарх адзначыў дзень нараджэння.

Мітрапаліт звярнуў увагу ў гаміліі, што Каталіцкі Касцёл, праслаўляючы Імя Езуса ў перыяд Божага Нараджэння, «яшчэ мацней падкрэслівае значэнне таямніцы Богаўцелаўлення».

Імя Езус, як дадаў арцыбіскуп, прадстаўляе сабой грэчаскую форму яўрэйскага імені «Ешуа», што азначае «Бог ёсць маё збаўленне».

Літургічны ўспамін Імя Езуса, па словах Мітрапаліта, нагадвае аб тым, што «народжанае ў Бэтлееме з Марыі Немаўлятка атрымала імя Езус, як было прадказана арханёлам Габрыэлем», а галоўная мэта гэтага ўспаміну — «падкрэсліць значэнне годнасці святога Імя Езуса».

 

Як заўважыў іерарх, імя Збаўцы «Езус» азначае «Яго місію, а менавіта Збаўца свету». «Падчас Звеставання арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Яе Сын будзе названы Езусам. Той самы арханёл абвясціў св. Юзафу не толькі імя, але і місію народжанага ў яго сям’і Дзіцяці. А менавіта тое, што Ён будзе названы Езусам, бо збавіць людзей з іх грахоў», — адзначыў арцыпастыр.

Поўны тэкст гаміліі>>>

«Падобна таму, як дзеці целам і крывёй звязаны са сваімі бацькамі, таксама і Езус, дзякуючы ўцелаўленню Сына Божага, з’яўляецца нашым крэўным і адначасова Збаўцам, які быў пасланы сваім нябесным Айцом у свет, каб яго збавіць сваёй мучаніцкай смерцю і ўваскрасеннем, — патлумачыў Мітрапаліт. — Таму мы павінны праслаўляць гэтае Імя як святое, бо яно нагадвае нам аб нашым збаўленні».

Сучасны свет, як дадаў іерарх, «усё больш аддаляецца ад Бога і жыве так, як быццам Бога зусім няма», што «нярэдка можна заўважыць і ў нашым грамадстве», таму «нашым, як хрысціян, заданнем з’яўляецца вярнуць належную пашану Богу і Імені Езуса, як адзінага Збаўцы свету».

Для гэтага, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, «неабходна жыць паводле Яго вучэння і прыкладу: быць у стане Божай ласкі, маліцца, быць сведкамі Евангелля, захоўваць Божы закон, дапамагаць патрабуючым і г.д., з мэтай абвяшчаць Езуса людзям, каб яны пазналі Яго праўду і ёй жылі на хвалу Бога і дзеля збаўлення людзей».

Абноўлена 04.01.2018 11:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.