Пошук

27.12.2017 14:44   Catholic.by

26 снежня, у свята св. Стэфана, першамучаніка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, цэлебраваў святую Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў, што свята першага мучаніка св. Стэфана, якога Каталіцкі Касцёл успамінае ў другі дзень святаў Божага Нараджэння, «нагадвае нам праўду аб тым, што хрысціянства па сваёй сутнасці, будучы рэлігіяй радасці і жыцця, адначасова з’яўляецца вельмі патрабавальным аж да таго, што часам яго трэба сведчыць нават сваёй крывёй».

Будучы дыяканам, святы Стэфан «сваё служэнне людзям разумеў і ажыццяўляў як у галіне дабрачыннасці, так і абвяшчэння Божага слова». Яго вучэнне і сведчанне, як нагадаў Мітрапаліт Кандрусевіч, было такім моцным, што яму не маглі супрацьстаяць нават фарысеі. У выніку Стэфан быў укаменаваны і ўвайшоў у гісторыю Касцёла як першамучанік. Яго мучаніцкая смерць прынесла плён у навяртанні Саўла, які пераследаваў хрысціянства, а потым навярнуўся і стаў апосталам Паўлам.

«Дзякуй Богу, завяршыліся ганенні на Касцёл у нашай краіне, якія трывалі тры пакаленні. Аднак гэта не азначае, што завяршыўся пераслед хрысціянства», — сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«Сучасная ідэалогія маральнага лібералізму і рэлятывізму, якая, падобна ваяўнічаму атэізму, імкнецца адлучыць еўрапейца ад хрысціянскай гісторыі і культуры і замяніць іх новай свецкай рэлігіяй з яе дагматамі “паліткарэктнасці”. Такім чынам атэістычны тэрор замяняецца новымі формамі ганенняў, пры ўяўным захоўванні свабоды веравызнання», — звярнуў увагу арцыпастыр.

Тэкст гаміліі цалкам ТУТ

«Касцёл не можа адмовіцца ад місіі абвяшчэння Божага Валадарства і, застаючыся верным ёй, гатовы да ганенняў у іх новым праяўленні. Прыгожа аб гэтым кажа папа Бэнэдыкт XVI: а менавіта, што Касцёл павінен падрыхтаваць месца для боскасці не праз моц, але праз духа, не праз інстытуцыянальнасць, але праз сведчанне, любоў, жыццё і цярпенне, і такім чынам дапамагчы грамадству знайсці яго маральную тоеснасць, — заўважыў Мітрапаліт. — Не азначае гэта, аднак, таго, што мы, як хрысціяне, не павінны бараніць сваёй хрысціянскай тоеснасці».

«Святы Стэфан, як здаецца, прайграў, бо быў укаменаваны. Аднак з яго мучаніцкай смерці нарадзіліся і далей нараджаюцца новыя пакаленні вызнаўцаў Хрыста. Гэта ўзгаданы вышэй св. Павел, гэта таксама многія іншыя», — сказаў іерарх.

«Аднак св. Стэфан дае нам і іншы ўрок. Ён, паміраючы пад градам камянёў, глядзеў у адкрытае неба і бачыў хвалу Бога. Гэты позірк даў яму сілы вытрываць. Таксама і нам, перажываючым новыя часы ганенняў на веру, Бог дае сілы вытрываць. Усведамленне таго, што на зямлі мы з’яўляемся толькі пілігрымамі, павінна стаць імпульсам да трывання ў вернасці Богу, — падкрэсліў Мітрапаліт. — Няхай жа апякун сённяшняга дня св. Стэфан, як апякун адкрытага неба, выпрасіць у Бога ласку заўсёды заставацца вернымі нашаму хрысціянскаму пакліканню, каб дзякуючы нашаму сведчанню Хрыстус нараджаўся ў сэрцах людзей і яны станавіліся Бэтлеемам нашага часу».

Абноўлена 27.12.2017 14:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця