Пошук

23.12.2017 02:00   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

20 і 22 снежня адбыліся аплаткавыя сустрэчы святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі. Першая з іх прайшла ў парафіі Святой Сям'і ў Лідзе, другая — у Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Падчас абедзвюх сустрэч святары і манахіні падзяліліся аплаткай і склалі адзін аднаму віншаванні з надыходзячымі святамі.

Сустрэча ў Лідзе пачалася канферэнцыяй, падчас якой духоўных асобаў заклікалі да радасці, што паходзіць са штодзённага служэння Богу і людзям, і да адважнага прапаведвання Добрай Навіны, якая скіравана да кожнага чалавека.

Ад імя ўсіх святароў і сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу выказаў кс. кан. Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар адзначыў, што гэты асаблівы час, які набліжаецца і нагадвае таямніцу ўцелаўлення Сына Божага, з’яўляецца чарговай нагодай, каб «адкрыць праўду, што Езус Хрыстус з’яўляецца Богам для нас».

«Не дазволім скрасці надзею, якую пакладаем у Божай міласэрнасці, каб яна дала нам сілу стаць дзецьмі Божымі», — дадаў кс. Уладзімір Гуляй.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім святарам i сёстрам законным дыяцэзіі за ахвярнае служэнне ў сваіх парафіяльных супольнасцях і за ўсе душпастырскія ініцыятывы.

Іерарх нагадаў, што гэты год быў багатым на розныя падзеі ў Касцёле на Гродзеншчыне, падкрэсліўшы тую гістарычную падзею, якой стала адкрыццё І Сінода Гродзенскай дыяцэзіі.

Біскуп адзначыў, што кожная асоба, пакліканая да служэння ў Касцёле, атрымала спецыяльную місію ад Бога, каб быць асаблівым святлом. Таму іерарх пажадаў, каб кожны святар і манахіня былі святлом для людзей, давераных ім.

«Будзем жыць Хрыстовым Евангеллем і будзем сапраўдным святлом для чалавечых сэрцаў, указваючы іншым шлях да Бога», — заклікаў біскуп.

У другой сустрэчы, што прайшла ў семінарыі ў Гродне, прынялі ўдзел акрамя духавенства і сясцёр законных таксама семінарысты. Сустрэча пачалася малітвай брэвіярыя і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Затым адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся за памерлага год таму кс. Тадэвуша Вышынскага CM, шматгадовага выкладчыка семінарыі ў Гродне.

Ад імя ўсіх святароў i сясцёр законных дыяцэзіі віншаванні з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння скіраваў да гродзенскага ардынарыя дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх пажадаў, каб распачатая ў гэтым годзе гістарычная справа, якой з’яўляецца І Сінод Гродзенскай дыяцэзіі, прынесла плёны ажыўлення рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі і ўключэння многіх людзей.

 

Звяртаючыся да прысутных, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што ўсе яны маюць патрэбу ў надзеі, радасці і пакоры.

«Нам усім патрэбна надзея, калі нас не хочуць прымаць. Трэба мець радасць тады, калі нас шукаюць. Патрэбна вялікая пакора, калі мы ганарымся сваім душпастырскімі дасягненнямі. Патрэбна мець шмат сіл, калі мы бездапаможныя», — сказаў іерарх.

Біскуп пажадаў усім духоўным асобам прыпадабняцца да Збаўцы, прыйсця якога чакае свет, і быць сапраўднымі апосталамі Божай міласэрнасці ў сваіх парафіяльных супольнасцях.

Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам i манахіням за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях.

Абноўлена 23.12.2017 11:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця