«У маленькім святым Дзіцяці Бог дае нам збаўленне. Няхай Бэтлеемская зорка заззяе і ў нашых сэрцах, абвяшчаючы Добрую Навіну і ўзмацняючы надзею, каб жыць ёю ўвесь надыходзячы Новы 2018 год», – адзначае біскуп.
«Калі прыйдзе Збаўца,
вечны мір настане»
Рэфрэн рэспансарыйнага псальма
ІІ Нядзеля Адвэнту, Год А
Дарагія браты і сёстры, і ўсе людзі добрай волі!
Ад свайго імя і ад імя святароў, манаскіх асоб Магілёўскага рэгіёну Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі скіроўваю самыя сардэчныя віншаванні з Нараджэннем Хрыстовым і Новым 2018 годам!
У адвэнтавай рэфлексіі, у засяроджанасці пры спавядніцы, у цішыні чакання першай зоркі, у роздуме, якому спрыяе полымя свечкі, у больш павольным дыханні, аддаляючыся ад таго, што навокал, у іскрыстыя хвіліны спявання калядак няхай прыйдзе Пан у нашы гарачыя і адкрытыя сэрцы і ўмацуе нас сваім супакоем і ласкай, каб мы маглі раздаваць іх там, дзе чалавек перажывае смутак.
У маленькім святым Дзіцяці Бог дае нам збаўленне. Няхай Бэтлеемская зорка заззяе і ў нашых сэрцах, абвяшчаючы Добрую Навіну і ўзмацняючы надзею, каб жыць ёю ўвесь надыходзячы Новы 2018 год.
✠ Аляксандр Яшэўскі, S.D.B.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Біскупскі вікарый для г. Магілёва
і Магілёўскай вобласці