Пошук

17.12.2017 18:43   Catholic.by

Дарагія чытачы Catholic.by! Ужо зусім хутка мы будзем перажываць радасныя, цёплыя і ўтульныя святы Божага Нараджэння і новага 2018 года. У сувязі з гэтым наша рэдакцыя падрыхтавала прыгожыя і разнастайныя падарункі для вас: календары з каталіцкімі святамі і ўрачыстасцямі — настольныя, насценныя і кішэнныя... А які падабаецца вам найбольш?

У 2018 годзе спаўняецца 5 гадоў пантыфікату папы Францішка

Пазнаёміцца з асобай Святога Айца мы запрашаем праз прыгожыя фотаздымкі і глыбокія выказванні Папы. У календары змешчана таксама інфармацыя пра каталіцкія традыцыі на кожны месяц, абазначаны галоўныя праваслаўныя і дзяржаўныя святы, а яшчэ — зручная каляндарная сетка з вялікімі лічбамі і месцам для запісу. На апошняй старонцы вы знойдзеце інфармацыю пра літургічны год у Каталіцкім Касцёле.

«Папа Францішак — чалавек надзеі» — менавіта так гучыць назва. І сапраўды, па прыкладзе святога Францішка сённяшні Папа вядомы сваёй шчырасцю і прастатой: ён жыве ў адным з нумароў Ватыканскай гасцініцы «Дом святой Марты» разам з іншымі яе пастаяльцамі і ездзіць на простым аўто.

Папа неаднойчы наведваў вязняў, а ў Вялікі чацвер у рымскай калоніі для непаўналетніх абмыў ногі 12 зняволеным. Пантыфік наведвае залежных ад наркаманіі, сустракаецца з дзецьмі і дбае пра лёс бежанцаў. Ён такі, якім усе хочуць бачыць сучасны Касцёл: блізкі да кожнага чалавека. Ён — пастыр, які «пахне сваімі авечкамі».

«Слова Тваё — светач для нагі маёй» (пар. Пс 118,105)

Божае слова здольнае перамяніць нашыя сэрцы, погляды і ўсё наша жыццё. Гэта нібы ліст самога Бога да нас, які варта чытаць, ведаць і любіць. У Бібліі схаваны шматлікія скарбы, адшукаўшы якія, мы станем самымі багатымі людзьмі на гэтай зямлі. Багаццем сапраўдным, якога не можа ўбачыць і асягнуць гэты свет і якое зробіць нас шчаслівымі.

Менавіта Божаму слову прысвечаны наш невялічкі настольны каляндар, які называецца «Ты маеш Словы вечнага жыцця». У календары ёсць каталіцкія, праваслаўныя і дзяржаўныя святы.

Няхай гэты прыгожы падарунак скіруе ваш позірк на асобу Хрыста і Ягоныя словы, адрасаваныя кожнаму з вас. Калі каляндар зацікавіў, спытайце пра яго ў сваіх пробашчаў!

З найлепшымі пажаданнямі.
Рэдакцыя Catholic.by.

Абноўлена 18.12.2017 10:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа