Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіка і дададуць надзеі.
Чарговая гісторыя — пра сям'ю Сяргея Галушкі і Вольгі Чэрнікавай.
Сяргей: «У шлюбе мы амаль 15 гадоў, маем чацвёра дзяцей.
Першы раз мы загаварылi ў нядзелю пасля святой Імшы ў Чырвоным касцёле. Потым пайшлi шпацыраваць па Мiнску, i нам было так цiкава разам, што размаўлялi аж да вечара. Гэта быў пачатак верасня 2001 года.
Воля ўдзельнiчала ў хоры “Голас душы”, а я нейкi час быў у службе алтара ў касцёле. Для мяне было важным, каб мая дзяўчына была з каталiцкага асяроддзя. Сустракалiся мы год з паловай».
Вольга: «Нам было 24 i 25. Сустракалiся амаль кожны дзень. I аднойчы, калi iшлi разам у касцёл, Сяргей сказаў мне: “Давай ажэнiмся, народзiм чацвярых дзяцей, а пятага ўсынавiм”. I хоць колькасцю дзяцей была вельмi ўражана, адразу згадзiлася.
Наш шлюб адбыўся 1 мая 2003 года. Праз некалькi месяцаў мы будзем святкаваць 15-годдзе нашай сям’i. Маем чацвярых дзяцей: два хлопчыкi — Богдан, 12 гадоў, i Блажэй, 6, i дзве дзяўчынкi — Бажэна, 11 гадоў, i Надзейка, 8».
Сяргей: «Сям’я — гэта як маленькая дзяржава, дзе кожны выконвае свае абавязкi. У нас яны таксама размеркаваныя. Воля адказвае за “тыл”, а я iду наперад. Ужо 20 гадоў займаюся любiмай справай у будаўнiчай сферы».
Вольга: «Вельмi рада i ўдзячна Богу i мужу, што маю магчымасць быць дома i прысвячаць свой час сям’i. Хаця гэтае рашэнне — не выходзiць на працу — пасля чацвёртага дэкрэтнага адпачынку далося нам цяжка.
Дзяцей мы стараемся выхоўваць у духу дэмакратыi. У нас заўсёды бывае дыялог на тэму адпачынку або планаў на выхадныя. За ўдакладненне ўсiх нюансаў адказная я, Сяргей жа адказвае за тое, каб прынесцi грошы ў дом, а я — каб нам хапiла на ўсё, што патрэбна. Дзецi падрастаюць, i я вельмi радуюся, што яны таксама чымсьцi могуць дапамагчы ў хатнiх абавязках: скласцi посуд у пасудамыйку, прыбраць крыху за сабою.
Галоўны iх абавязак на сённяшнi дзень — старанна i сумленна выконваць заданнi школьныя i музычныя. Багдан асвойвае iгру на акардэоне, Бажэна вучыцца па класу скрыпкi i фартэпіяна, Надзейка – на фартэпіяна».
Сяргей: «Шэсць дзён на тыднi ў нас занятыя, бо трое старэйшых дзяцей займаюцца харэаграфiяй i ў музычнай школе. Iх трэба развесцi, прывесцi i дапамагчы зрабiць урокi на наступны тыдзень.
А ў нядзелю мы звычайна ўсе разам ходзiм у касцёл на святую Імшу для дзетак. Пасля заняткаў у нядзельнай школе ў добрае надвор’е мы арганiзоўваем штосьцi накшталт пiкнiку. Нядзеля — гэта дзень, цалкам прысвечаны сям’i, калi мы не прымаем гасцей i нiкуды не ходзiм самi.
Кожны вечар мы молiмся разам. Дзякуем Богу i складаем Яму свае просьбы».
Вольга: «Праз сем гадоў нашага жыцця ў шлюбе, калi ўжо мелi траiх дзяцей, мы даведалiся пра мiжнародны рух “Сужэнскiя сустрэчы”. Удзел у iх праграме стау вельмi прыемным момантам у нашым жыццi, бо раней мы жылi, нiбы плывучы па плынi. Хадзiлi ў касцёл, да споведзi, расцiлi дзетак i не задумвалiся над тым, што можам дапамагаць адно аднаму ўзрастаць духоўна.
Зараз з’яўляемся анiматарамi-каардынатарамi руху “Сужэнскiя сустрэчы”, стараемся, наколькi магчыма, дзялiцца сваiм досведам з сем’ямi, якiя гэтага патрабуюць. Вучымся разам весцi дыялог, слухаць, разумець, дзялiцца i перадусiм прабачаць адно аднаму.
Вельмi любiм нашы летнiя сумесныя адпачынкi з сем’ямi — удзельнiкамi руху. Апошнiя два гады выязджалi ў Латвiю. У 2016 г. на сем сем’яў было 25 дзетак. З нецярплiвасцю чакаем наступнага года: сустрэчы на свежым паветры, ранiшнiя i вячэрнiя сумесныя малiтвы, штодзённыя святыя Імшы, вогнішчы i танцы са старымi i новымi сябрамi…
У мiнулым годзе наш малодшы сын Блажэк асвоiў i ровар, i ролiкi. Таму ў гэтым годзе маем магчымасць катацца ўсёй сям’ей разам. З вялiкай радасцю адкрылi для сябе зусiм iншы горад Вентспiлс, з яго шматлiкiмi роварнымi дарожкамi i скейтпаркам».
Сяргей: «Каталiцкае асяроддзе — вельмi добрая глеба, бо мы маем зносiны з людзьмi, блiзкiмi па духу, а яшчэ там вельмi шмат такiх жа сем’яў, як i мы, - шматдзетных, i нашы дзецi могуць кантактаваць з дзецьмi з iншых хрысцiянскiх сем’яў.
Для нас важна разумець, што iдэальных сем’яў не бывае: усе сутыкаюцца з цяжкасцямi. Здорава, калi ёсць малiтоўная падтрымка ў розных цяжкасцях. Праблемы не вырашаюцца адразу, але з’яўляецца спакой i разуменне, што з Божаю дапамогаю ўсе праблемы вырашацца».
Вольга: «Нам вельмi хочацца ўсiм разам, блiзка адно да аднаго, iсцi цвёрдым крокам да Бога. Дзякуючы ўдзелу ў асноўных i паглыбленых рэкалекцыях, сустрэчам малой групы Чырвонага касцёла, мы маем моц i жаданне падтрымлiваць адно аднаго.
Верым у Бога i спадзяёмся, што разам у нас усё атрымаецца».
Рэкалекцыі для вашага сужэнства
З 9 па 11 лютага «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!
Кантактны нумар:
+375 29 316 95 59 Вольга Чэрнiкава, вядучая разам з мужам Сяргеем «Сужэнскіх сустрэч»