Пошук

11.12.2017 08:31   Кс. Юрый Марціновіч / Фота: Томаш Мікалайчык / Grodnensis.by

Дыяканскае пасвячэнне тром навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ўдзяліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Дыяканамі сталі Раман Вайцяховіч, Андрэй Каўшук і Эрнэст Мікалайчык.

Падзея адбылася ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 8 снежня — ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Урачыстасць сабрала шматлікіх святароў і вернікаў, якія прыбылі з розных бакоў дыяцэзіі, каб падтрымаць малітвамі кандыдатаў да пасвячэння. Прысутнічалі таксама іх бацькі і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў, адкуль паходзяць семінарысты.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі прыносіць у Касцёле на Гродзеншчыне плён радасці трох новых слуг Божага слова і Эўхарыстыі і нагадвае, што кожнага чалавека Пан Бог адарыў ласкай паклікання да святасці.

«Гэтае пакліканне да святасці і Божага сыноўства паўсюднае, бо датычыць кожнага хрысціяніна. Гэта дар, а адначасова і заданне для выканання. Гэта шлях, на які мы ўступілі ў момант святога хросту, і мэта, да якой імкнёмся праз усё наша жыццё», — сказаў іерарх.

Біскуп патлумачыў, што, каб чалавек мог дасягнуць гэтай мэты, Бог у сваім Провідзе вызначае кожнаму акрэсленае месца ў жыцці, ставіць перад ім разнастайныя заданні, вядзе кожнага непаўторным шляхам.

«Таму мы можам сказаць, што рэалізуем наша хрысціянскае пакліканне тады, калі з верай і паслухмянасцю адказваем Пану “так” на Яго заклікі», — дадаў іерарх.

Звяртаючыся да кандыдатаў да дыяканату, біскуп Кашкевіч адзначыў: «Сёння вы распачынаеце апошні, вельмі важны этап падрыхтоўкі да Хрыстовага святарства. Прыміце гэты вялікі дар і рэалізуйце яго з руплівасцю і адказнасцю. Будзьце ўдзячныя Хрысту за давер, які аказаў кожнаму з вас», — заклікаў іерарх.

На заканчэнне іерарх пажадаў, каб узорам паслухмянасці Пану Богу і ахвярнай службы бліжнім для іх была заўсёды Беззаганная Панна Марыя, Заступніца семінарыі, i каб кожны чалавек у іх служэнні бачыў дабрыню, любоў і міласэрнасць нашага Пана Езуса Хрыста.

Кожны з кандыдатаў выказаў перад біскупам, сабранымі святарамі і ўсім Божым народам волю прыняць служэнне дыяканату і склаў абяцанні цэлібату і малітвы Літургіі гадзін.

Дыякан Раман Вайцяховіч

Дыякан Андрэй Каўшук

Дыякан Эрнэст Мікалайчык

Дыяканы могуць быць упаўнаважаны да ўдзялення хросту і святой Камуніі, абвяшчэння Божага слова або правядзення пахавання. Яны спаўняюць таксама ролю асістэнтаў біскупаў і прэзбітэраў у літургічных функцыях і розных цэлебрацыях, у тым ліку заключэнні сужэнства.

Абноўлена 11.12.2017 08:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця