Пошук

01.12.2017 11:57   Марына Валасар / Фота: Ганна Трус / Catholic.by

Каталіцкі гурт Laudans 29 лістапада даў свой першы за апошні год сольны канцэрт у Мінску. У кавярні па вуліцы Бельскага, 15 калектыў прадставіў сваю музычную праграму «Адзінства».

«Мы вырашылі сыграць канцэрт у Мінску найперш для таго, каб падзяліцца сваёй творчасцю з сябрамі і блізкімі. А таксама каб сустрэцца, бо мінскія слухачы сачылі за нашай дзейнасцю толькі праз сацсеткі. А тут выдалася нагода для сустрэчы ўжывую», — заўважае саліст гурта Laudans Андрэй Лугін.

Калектыў адыграў свой новы альбом «Адзінства» і яшчэ некалькі песень, сярод якіх таксама была кампазіцыя «Здзіўленне», на якую музыкі знялі свой апошні кліп на польскай мове. Канцэрт наведала каля 70 чалавек.

    

«Увогуле, мы хочам часцей іграць у Мінску, бо адчуваем патрэбу ў стасунках. Людзі кажуць, што нашая творчасць іх натхняе», — дзеліцца Андрэй Лугін.

У перапынку паміж песнямі сярод гледачоў быў праведзены невялікі конкурс. Музыкі разыгралі свой апошні дыск «Адзінства».

«Песні паміж сабой адрозніваюцца па характары, і таму кожную па-свойму пражываеш. Дзесьці ёсць смутак, дзесьці ўзнёсласць і радасць, а месцамі — проста спакой. Яшчэ — моц. Вельмі моцна, калі ўся зала спявае разам з табой! Я лічу, што ў выкананні музыкі павінна быць шмат эмоцый. Гэта дапамагае ўтрыравана адлюстраваць нашае жыццё», — заўважае Андрэй.

«Мне вельмі спадабаўся гэты вечар. Было шмат людзей, якія ўвесь час свяціліся пазітывам і зараджалі сабой усё навокал, і, канешне ж, — нас саміх. Мы сустрэлі шмат сяброў і знаёмых, шмат з кім пазнаёміліся і атрымалі ад гэтага мора натхнення. Цяпер хочацца гэтае натхненне рэалізоўваць, працаваць, а пасля… зноў сустрэць усіх гэтых людзей!» — падзялілася клавішніца гурта Алёна Палачанская.

Музыкант таксама заўважыла, што ў арганізацыі канцэрта гурту дапамагала цэлая каманда.

«Гэта Сеня Лазарава, Ганна Трус, Алесь Снег і шмат іншых людзей, якім мы вельмі ўдзячныя. Без іх нічога б не атрымалася, ды і не мела б, мабыць, сэнсу», — дадала Алёна.

Свой наступны сольны канцэрт гурт Laudans плануе зладзіць у калядны перыяд.

Абноўлена 01.12.2017 23:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа