Пошук

30.11.2017 15:06   Grodnensis.by

28 лістапада ў Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі пачала працу выстаўка «Адкрыццё святой прыгажосці», прымеркаваная да 500-годдзя першай беларускай гравюры і першай друкаванай кнігі. Пачатак ім паклаў Францішак Скарына, распачаўшы ў 1517 г. выданне ілюстраванай Бібліі.

Прадстаўленыя на выстаўцы работы аб’ядноўвае адна агульная тэма — хрысціянскай духоўнасці. Гэта невыпадкова. Біблейскія сцэны, вобразы святых пачалі адлюстроўвацца з моманту зараджэння хрысціянства. Дарэчы, першая еўрапейская гравюра мела менавіта хрысціянскі сюжэт, які адразу стаў вядучым у гэтай галіне выяўленчага мастацтва і ў наступныя часы.

Выстаўка ўключае калекцыю гравюрных дошак на медзі ХІХ ст. з выявамі сцэн Старога і Новага Запаветаў. У экспазіцыі прадстаўлены таксама сучасныя прылады, з дапамогай якіх майстры ствараюць гравюры сёння.

У межах адкрыцця выстаўкі адбылася лекцыя мастака-графіка Юрыя Якавенкі.

«Для гравюры неабходны тры рэчы: матрыца, фарбавальнік і матэрыял, на які пераносіцца выява. Але працэс яе стварэння заўсёды быў падобны да ювелірнага: патрабаваў шмат часу і стараннасці. Раней над адной гравюрай увогуле магло працаваць адразу некалькі спецыялістаў: хтосьці лепш рабіў пейзаж, хтосьці — рысы твару або канечнасці. Былі нават адмысловыя майстры па адлюстраванні складак на адзенні. І на падобную працу ішло нават некалькі месяцаў», — адзначыў Юрый Якавенка.

Бонусам для прысутных стала магчымасць адчуць сябе майстрам-друкаром і зрабіць адбітак на паперы. Прынцып працы станка застаўся без змен і па гэты дзень.

Гродзенскі музей гісторыі рэлігіі працуе штодня акрамя выхадных з 10.00 да 18.00 (каса да 17.30). Бясплатны дзень — другі панядзелак кожнага месяца.

Абноўлена 30.11.2017 16:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.