Пошук

14.11.2017 10:43   Тэкст і фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Пад дэвізам «Мама, тата, я — святая сям’я» ў мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ 12 лістапада прайшоў другі Баль Усіх Святых.

На баль завіталі і святы Марцін, і святая Рыта, і святы Ян Павел ІІ, і святая Агнешка. Усяго прышло каля 200 (!) «святых».

«З майго досведу такія балі рабіліся як нейкі адказ на Хэлоўін, шырока распаўсюджаны ў свеце і ў значна меншай ступені ў Беларусі, — распавядае пробашч парафіі кс. Алег Шпець. — Аднак мэта, якую мы ставім, накіравана не столькі супраць чагосьці, але на тое, каб паказаць, што святасць можа быць радаснай, што быць святым не сумна; мы хочам заахвоціць людзей да святасці. Баль — гэта спосаб адкрыць для сябе постасці святых, пазнаёміцца з імі, каб пазней стаць да іх падобнымі».

Паводле слоў святара, адметнасцю сёлетняга балю стала не толькі святасць дзяцей, але ўсёй іх сям’і:

«У гэтым годзе мы хацелі падкрэсліць не толькі паасобную святасць, але святасць усёй сям’і, каб нашыя сем’і задумаліся, як ідуць да святасці яны, — дадае кс. Алег. — Таму мы прасілі, каб і бацькі па магчымасці пераапрануліся ў каго-небудзь са святых і таксама святкавалі разам са сваімі дзецьмі».

Марына Пашкевіч, адна з арганізатараў балю, адзначыла, што ідэя зрабіць свята больш сямейным прыйшла спантанна:

«Неяк прыйшло на думку, што да святасці трэба ісці не ў адзіноце, а ўсёй сям’ёю разам. Вельмі файна, што сем’і адгукнуліся і самі заангажаваліся ў падрыхтоўку свята, бо як кажуць, лепш за бацькоў для сваіх дзяцей не зробіць ніхто».

Баль праходзіў у мясцовым Палацы Культуры. Сцэна была дэкаравана так, быццам трапляеш адразу на Неба. Ну, вядома, дзе ж яшчэ прабываць святым? На ўваходзе з ключамі ад брамы ўсіх сустракаў «святы Пётр» і рабіў дрэс-кантроль: каб прайсці, трэба было абавязкова быць у касцюме якога-небудзь святога.

Багдан Сырыца, 10 гадоў:
«Я вырашыў апрануцца ў святога Мікалая. Ідэя была мая, а зрабіць касцюм дапамагалі бацькі. Святы Мікалай дапамагае жанчынам, дзецям і маракам, калі яны трапляюць ў бяду. І яшчэ ён прыходзіць на Божае Нараджэнне і дорыць падарункі».

Ягор Чайка, 12 гадоў:
«Я ў касцюме святога Хасэ. Ён мяне здзівіў сваімі ўчынкамі і сваёй мужнасцю, я вырашыў стаць падобным да яго».

Вераніка Новікава, 8 гадоў:
«Сёння я — святая Вераніка, таму што маё імя Вераніка! Я ведаю пра святую тое, што яна дала Езусу хустку выцерці твар, калі яго вялі на Галготу».

Данік Свірыдовіч, 8 гадоў:
«Мне падабаецца святы Данііл. Цар кінуў яго ў яму з ільвамі, але Бог не дазволіў ільвам зжэрці святога Данііла і ён застаўся жывы».

Танцы, конкурсы, розныя заданні і шмат сюрпрызаў чакалі юных і не вельмі святых — падабраць ключ да Божага Валадарства, знайсці рэчы, якія дапамагаюць імкнуцца да Бога, распазнаць перашкоды на шляху да Неба. І, канешне, салодкі пачастунак — ну як не паспрабаваць Неба на смак?!

Адзін з конкурсаў знаёміў з тым, якімі былі святыя ў маленстве і якімі яны сталі, калі выраслі. Такое параўнанне вучыць, што да святаці трэба ісці ўсё жыццё, з дзяцінства.

Падчас балю былі падведзены вынікі конкурса малюнкаў. Усе ўдзельнікі атрымалі дыпломы, а пераможцы — прызы. Каралеву і караля балю ўдзельнікі выбіралі самі. Імі сталі «святая Марыя з Фацімы» і маленькі «святы Максімільян Кольбэ».

Увесь вечар дзеці вучыліся быць святымі і шукалі адказ на пытанне што такое святасць?». А дарослыя, мабыць, і так ведаюць адказ, хоць у кожнага ён свой.

Як прызналася Алена Манчынская, сям’я якой у поўным складзе прыйшла на баль, святасць для яе сям’і «гэта любіць адно аднаго, дамамагаць адно аднаму і жыць так, каб іншым было добра быць побач».

Абноўлена 14.11.2017 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа