Пошук

07.11.2017 14:54   Аляксандр Снапко / Фота: а. Віталій Слука SP / Catholic.by

Каля 60 маладых людзей са Шчучына і Ліды сабраліся ў парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне, каб паразважаць над тэматыкай запланавага Сіноду на тэму моладзі. Сустрэча праходзіла 5-6 лістапада.

У кастрычніку 2018 года адбудзецца Сінод Біскупаў на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Ордэн піяраў як частка супольнасці Каталіцкага Касцёла таксама вырашыў далучыцца да перадсінадальнай падрыхтоўкі. Кіраўніцтва Польскай правінцыі ордэна піяраў плануе правесці ў маі 2018 года Піярскі сінод маладых у Варшаве. А падрыхтоўка ў Беларусі распачалася значна раней – з моладзевай сустрэчы ў Шчучыне.

На пачатку сустрэчы а. Гжэгаж Ксёнжэк SP прамовіў для моладзі ўводную канферэнцыю, падчас якой закрануў наступныя пытанні: «Што значыць па-сапраўднаму верыць?», «Што мы павінны рабіць, каб распазнаць сваё пакліканне?» Святар адзначыў, што па-сапраўднаму верыць той, хто да канца застаецца верным Богу.

Каб адказаць на пытанне пра распазнанне паклікання, а. Ксёнжэк звярнуўся да гісторыі паклікання апосталаў. «Ніхто з апосталаў не ведаў, што іх чакае, калі яны пойдуць за Хрыстом. Але яны рызыкнулі і не памыліліся. Таму рызыкніце, паверце, цвёрда трымайцеся свайго выбару і мужна ідзіце да канца. Лепш зрабіць памылку, чым стаяць на месцы», — заклікаў святар.

Пасля канферэнцыі і святой Імшы моладзь была падзелена на чатыры групы. Кожнай групе была прапанавана да разважання адна з чатырох тэм: «вера», «распазнанне», «пакліканне», «супольнасць». Так, напрыклад, моладзь, якая разважала над тэмай «вера», спрабавала адказаць на наступныя пытанні: «Што мне дапамагае, а што перашкаджае верыць? Што магу зрабіць я і супольнасць Касцёла, каб людзі вярнуліся да вызнавання моцнай веры?»

Пасля працы ў групах моладзь абмеркавала атрыманыя вынікі.

Абноўлена 07.11.2017 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.