5 лістапада ў катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску адбыліся аблучыны. Духоўны строй – сутаны – атрымалі сямёра навучэнцаў другога, трэцяга і чацвёртага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі св. Тамаша Аквінскага.
Цяпер семінарысты Яўген Хаданёнак, Уладзіслаў Козел, Алег Зубрыцкі, Андрэй Півень, Уладзіслаў Моўчан, Павел Пагасай і Арцём Кір'янаў могуць сведчыць аб сваёй веры і абраным шляху да святарства не толькі словам і справай, але і знешнім выглядам.
Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці. З гаміліяй да вернікаў звярнуўся біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка. У прамове іерарх нагадаў гісторыю духоўнага строю каталіцкага святара і падкрэсліў яе значэнне ў жыцці не толькі прэзбітэраў, але і семінарыстаў, якія яшчэ знаходзяцца на шляху да святарства.
Каб падтрымаць семінарыстаў, у гэты важны дзень да іх прыехалі шматлікія госці: бацькі, родныя і сябры. Напрыканцы святой Імшы семінарысты падзякавалі Богу, бацькам, фарматарам і братам за падтрымку на шляху да святарства.