Пошук

06.11.2017 09:18   фота з архіва Аляксандра і Вольгі Панамаровых / Catholic.by

Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гэта гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіка і дададуць надзеі.

З уласнага дзённіка сям’і Панамаровых, або Дыялог у штодзённасці

Аляксандр: «Узгадаем той перыяд нашых адносін, калі пачуцці кахання, узаемнага захаплення і ўзаемнай прывабнасці цалкам займалі нашы сэрцы. Цёплыя сумесныя вечары, першыя сумесныя мары. Калі вяртаемся думкамі ў тыя дні, то абуджаюцца пачуцці супакою, даверу і нават эйфарыі.

Так і наша сям’я мае сапраўды прыгожы пачатак. Мы з Воляй пазнаёміліся ў далёкай Амерыцы, дзе працавалі яшчэ будучы студэнтамі. Доўга сустракаліся, разам бавілі час, вучыліся, дапамагалі адно аднаму знайсці першую працу, перажывалі шмат радасных і адначасова няпростых момантаў развіцця сваіх адносін. І так за чатыры гады з моманту нашага знаёмства я канчаткова для сябе зразумеў, што Воля для мяне тая самая… тая адзіная… тая, якую я ўсім сэрцам прагну мець за сваю жонку».

Вольга: «І вось мы ўжо муж і жонка. Працуем, кахаем, марым нарадзіць дзіцятка, будуем кар’еру і вучымся жыць разам. Але ўжо самы першы год сужэнскага жыцця паставіў перад намі шмат вострых пытанняў, узаемных прэтэнзій, шмат канфліктных сітуацый і непаразуменняў, у якіх мы вязлі штодня, як у нейкім балоце.

Ішлі дні, і ўсё часцей і часцей сталі ўзнікаць бясконцыя бытавыя пытанні: не прыбраў, не дапамог, не прыбіў, не паклаў на месца… І гэты спіс можна доўга працягваць. Я не хацела з гэтым мірыцца, увесь час падкрэслівала сваё незадавальненьне і стала ацэньваць і асуджаць мужа: ты неахайны, ты нічога па хаце рабіць не ўмееш, ты безадказны...

Я так добра ўмела размаўляць з сябрамі, але з мужам усё часцей уваходзіла ў канфліктную сітуацыю і жыла бясконцымі абвінавачваннямі.

Мы абое крыўдзілі адно аднаго словамі, падоўгу не размаўлялі, сталі замыкацца ў сабе і аддаляцца душэўна і духоўна адно ад аднаго. Пачуцці агіды, суму і раздражнення ўсё часцей напаўнялі нашы сэрцы.

Прынамсі, здаецца, што ўсе так жывуць… сварацца, мірацца ды ходзяць па крузе. Але ці аб гэтым я марыла? Ці так уяўляла сваё сужэнскае жыццё? Сэрца прагне ўзаемаразумення, добрых слоў адно да аднаго, павагі і штодзённага адчування сваёй годнасці і неабходнасці свайму мужу! Хачу, каб мой муж мяне пачуў, а не толькі жыў сваім уласным меркаваннем. Хачу, каб зразумеў, у чым я сапраўды маю патрэбу…

Хачу падзяліцца з ім сваімі пачуццямі, якія балюча мяне раняць і не даюць раскрывацца як жонцы, як маці. А найперш хачу навучыцца прабачаць у тых штодзённых сітуацыях, у якія заганяем адно аднаго, нават часам не ўсведамляючы таго, што самі робім».

Аляксандр: «Хвала Пану Богу, што Ён у пэўны момант знайшоў мяне ў спавядальні. Так, падчас споведзі святар параіў нам з Воляй паехаць на рэкалекцыі для сем’яў. І мы вырашылі прыняць у іх удзел. Я не чакаў ад гэтых рэкалекцый нічога надзвычайнага, а тым больш таго, што яны нейкім чынам паўплываюць на мой погляд на наша сужэнства і адносіны паміж мной і каханай.

Але тое, што адбывалася на працягу тых трох дзён падчас рэкалекцый, дало мне магчымасць убачыць нашыя сужэнскія адносіны зусім з іншага боку.

Нашыя бясконцыя дыялогі ў тыя дні, слёзы і пяшчота адно да аднаго, разуменне і прабачэнне – усё гэта доказ таго, што мы не разумелі дагэтуль, як слухаць адно аднаго, як выказаць свае пачуцці, а найперш – як прабачаць. Мы тады не вырашылі ўсіх сваіх праблем, мы і да сённяшняга дня маем спрэчкі і непаразуменні, але на гэтых рэкалекцыях атрымалі вельмі важны і адначасова просты інструмент – “дыялог”, якім па сённяшні дзень карыстаемся ў штодзенным жыцці на шляху да шчаслівых адносін.

Мне здаецца вельмі важным, што мы навучыліся дзяліцца сабой і сваімі пачуццямі. Не хаваць іх пад маскамі, не іграць нейкія ролі, не абвінавачваць бясконца адно аднаго. А наадварот, як у складаных сітуацыях, так і ў звычайным штодзённым жыцці дзяліцца ад свайго імя тым, што клапоціць менавіта мяне.

Так, напрыклад, я маю звычку раскідваць свае рэчы па хаце: адзенне, інструменты. Здаецца: ну і што з таго? Але калі раней я пастаянна чуў у свой бок, што я вельмі неакуратны, і бачыў Воліна раздражненне і злосць, у мяне бясконца нараджалася агіда і агрэсія ў адказ на гэтыя абвінавачванні. Сёння ж я чую ад каханай ужо зусім іншыя словы.

Я шчыра ўсведамляю, што забываю падумаць аб парадку ў доме, і вельмі ўдзячны Волі, што ў гэтых сітуацыях яна дзеліцца са мной сваімі складанымі пачуццямі: Саша, я адчуваю сябе зняважанай, калі кожная мая раніца пачынаецца з бясконцага прыбірання за табой і дзецьмі. Або: Саша, я адчуваю бяссілле, калі ў соты раз падымаю гэтую тэму, а кашуля ўсё так і камечыцца на спінцы крэсла. Я вельмі цаню Воліну працу, яе клопат пра мяне і мой знешні выгляд, і сапраўды імкнуся парадаваць яе, успомніўшы, дзе павінны вісець ці ляжаць розныя рэчы.

Усё часцей і часцей бывае, што яна пойдзе ўкладваць дзетак спаць, а я навяду ёй ідэальны парадак. Яе давер да мяне і наш дыялог дапамагаюць мне змяняцца для яе, працаваць над сабой. Бо яна сапраўды гэтага заслугоўвае!»

Вольга: «Для мяне ў свой час проста адкрыццём стала тое, што трэба рэальна агучваць свае патрэбы і чаканні самым прамым спосабам – казаць пра тое, у чым сапраўды маю патрэбу цяпер. Здавалася б, я ўжо ўсім сваім выглядам паказваю, што я, напрыклад, вельмі стамілася за дзень і маральна, і фізічна... А Саша ў чарговы раз гадае: ты засмучаная? Ты сумная нейкая? У гэтыя моманты адчуваю ўнутры асаблівае раздражненне. Ды не ж... я проста стамілася, але зусім забылася пра гэта сказаць услых! Ці можа Саша ў гэтай сітуацыі мяне ўмацаваць – паспачуваць, падтрымаць... На жаль, не. Максімум – будзе мяне весяліць, бо думае, што я засмучаная».

Аляксандр: «Зараз прыгадаў сабе прыклад з яшчэ адной сферы, у якой удалося звесці канфліктныя сітуацыі да мінімуму, качыстаючыся прынцыпамі дыялогу.

Я заўсёды адчуваю залішняе хваляванне, калі гаворка ідзе аб Воліных пакупках, асабліва калі яны дарагія і, на мой уласны погляд, не вельмі патрэбныя. Нервовасць, раздражненне заўсёды суправаджаюць такія моманты перад пакупкамі. Кожны паход у краму ці выбар мэблі, тэхнікі ў дом у 90 працэнтах сітуацый заканчваўся сваркай і прэтэнзіямі.

Пасля таго, як мы распавялі адно аднаму аб сваіх пачуццях і ўнутраных патрэбах, я памяняў стаўленне да гэтага пытання. Асабліва гэта датычыцца асабістых пакупак Волі: адзенне, аксесуары, упрыгожванні, касметыка.

Я ні ў якім разе не хачу надзяваць маску “мне ўсё роўна, купляй – не шкадуй грошай”, я не хачу хаваць свае пачуцці і перажываць іх глыбока ўнутры. Але мне важна тое, што я ўбачыў Воліну патрэбу быць самастойнай, быць жаноцкай, быць у нейкіх пытаннях аўтаномнай і незалежнай. Усвядоміў, што ва ўмовах шматгадовага дагляду дзяцей гэтая патрэба ўсё больш і больш становіцца незадаволенай.

Я прыняў для сябе рашэнне, што буду вучыцца радавацца яе невялікім пакупкам разам з ёй, бо яны робяць яе больш шчаслівай, прыгожай і жаноцкай».

Вольга: «Сапраўды, такіх прыкладаў можна прывесці вельмі шмат. Дзякуючы атрыманым на рэкалекцыях прынцыпам дыялогу мы змаглі змяніць мову нашых сямейных адносін, мову нашых штодзённых размоў, мову выйсця з канфлінтаў, якія раней ці пазней прыходзяць у кожную сям’ю.

Можна балбатаць не змаўкаючы, дзяліцца навінамі дня і ночы, але так і не прыйсці да дыялогу, дзе сустракаюцца дзве асобы (толькі ён і яна), са сваімі звычкамі, сваім жыццёвым вопытам, са сваімі патрэбамі і інтарэсамі, і хочуць вырашыць важную для іх дваіх (для іх сям'і) праблему, пытанне, канфліктную сітуацыю. Дзе гэтыя дзве ўнікальныя асобы пастаянна вучацца перш слухаць, чым гаварыць... імкнуцца разумець, а не ацэньваць, і пастаянна трэніруюцца называць свае сапраўдныя пачуцці.

Прыгадала я сёння словы з Евангелля паводле Лукі: “Езус сказаў: Да чаго падобнае Валадарства Божае, і з чым параўнаю яго? Яно падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасадзіў у садзе сваім. І вырасла яно, і стала вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў галлі ягоным”.

Так і мы ў сваім сведчанні дакрануліся да, здавалася б, простых бытавых пытанняў. Але ці не з іх і будуецца кожны дзень кожнай сям’і ў гэтым свеце?

І калі мы вучымся падтрымліваць і ўмацоўваць адно аднаго ў гэтых простых сітуацыях, калі насейваем гэтыя маленькія “гарчычныя зярняткі” ў свае адносіны, напаўняем адно аднаго сваімі пачуццямі, то, калі прыйдзе цяжкі момант (можа, нават момант выпрабавання адносін), мы маем надзею ўстаяць пад вялікім дрэвам сваіх умацаваных адносін, моцна трымаючыся адной рукой адно за аднаго, а другой – за руку Езуса, які сам нас узмацняе моцай сакрамэнтальнай ласкі.

Мы сапраўды часта ставім перад сабой пытанне: а як бы выглядалі нашы сужэнскія адносіны сёння, калі б шмат гадоў таму мы не трапілі на рэкалекцыі ад руху “Сужэнскія сустрэчы”? Напэўна, мы б не мелі той глыбіні і чысціні нашых адносін, той узаемнай падтрымкі і дапамогі, якія маюць вялікую вартасць для нас і нашай сям’і. І дзеля гэтага варта пастаянна працаваць над сабой і нашымі адносінамі, выкарыстоўваючы прынцыпы дыялогу».

Рэкалекцыi для вашага сужэнства

Блiжэйшыя рэкалекцыi адбудуцца з 8 па 10 снежня ў Баранавiчах i ў Оршы. Яны могуць стаць часам паглыблення i вашага ўзаемаразумення!

Кантактныя нумары:
+375 29 779 19 03 Вольга, +375 29 250 06 99 Аляксандр, вядучыя «Сужэнскiх сустрэч»

Абноўлена 06.11.2017 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа