31 кастрычніка, напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у суправаджэнні канонікаў кс. Антонія Клімантовіча і кс. Юрыя Санько памаліўся ў Трасцянцы і Курапатах.
Ва ўрачыстасць Усіх Святых, 1 лістапада, у Каталіцкім Касцёле пачынаецца актава малітвы за памерлых, якая працягваецца да 8 лістапада.
Курапаты — лясны масіў на паўночным ускрайку Мінска, дзе ў 1937–1941 гадах НКУС масава расстрэльваў людзей. З 1993 года ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як месца пахаванняў ахвяр палітычных рэпрэсій 1930–1940-х гадоў.
Малы Трасцянец — найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР, створаны гітлераўцамі ў наваколлях Мінска. У Трасцянцы знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя з СССР, а таксама грамадзяне Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Чэхаславакіі. Канцэнтрацыйны лагер быў створаны восенню 1941 года на тэрыторыі калгасу ім. Карла Маркса. Назва «Трасцянец» аб'ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына — месца масавых расстрэлаў; лагер — побач з вёскай Малы Трасцянец за 10 км ад Мінска; урочышча Шашкаўка — месца масавага спалення людзей.