29 кастрычніка ў лідскай парафіі Святой Сям’і сёстры Кангрэгацыі Дачок Беззаганнай Марыі, якія служаць у гэтай парафіі, дзякавалі Богу за 125 гадоў існавання сваёй супольнасці.
Урачыстую святую Імшу падзякі за служэнне сясцёр узначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. У дзень святкавання гэтай даты ў Лідзе парафіяне скіроўвалі віншаванні сёстрам, якія ў парафіі займаюцца найперш катэхізацыяй дзяцей і моладзі, здзяйсняюць духоўную апеку над сем’ямі, а таксама выконваюць іншыя абавязкі.
Біскуп Касабуцкі ад імя Касцёла падзякаваў супольнасці, якая клапоціцца ў першую чаргу аб выхаванні новых пакаленняў вернікаў, перадаючы ім хрысціянскія каштоўнасці.
З гісторыі супольнасці
Кангрэгацыя Дачок Беззаганнай Марыі (безхабітовая) была заснавана 21 лістапада 1891 г. у Закрочыме бл. Ганаратам Казьмінскім пры ўдзеле Валерыі Людвікі Гасяроўскай. Зацвярджэнне Апостальскай Сталіцай атрымала 14 лютага 1934 г. як манаская супольнасць на папскім праве, што абапіраецца на ІІІ Рэгулу Рэгулярнага закону св. Францішка Асізскага.
У канстытуцыях супольнасці знаходзяцца наступныя словы: «Усе малітвы, працы і аскезу няхай ахвяруюць за святы Касцёл, навяртанне грэшнікаў і кампенсаванне за грахі жыхароў гарадоў». У Беларусі сёстры гэтай супольнасці служаць у Лідзе і Свіры (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).