Пошук

25.10.2017 14:43   Тэкст і фота: Святлана Жылевіч / waladarka.by / Catholic.by

21-22 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшла сустрэча сем’яў Віцебскай дыяцэзіі. Яе арганізатарам выступіла душпастырства сем’яў дыяцэзіі, а таксама фонд абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы».

Сустрэча прайшла на тэму малітвы ў сям’і — ёй была адведзена не толькі канферэнцыя, самой малітве была прысвечана палова часу. У сустрэчы прынялі ўдзел сем’і з Пастаў, Глыбокага, Браслава, Полацка і Мінска.

У дакладзе на тэму малітвы а. Міхал Ермашкевіч ОР адзначыў, што, канешне, самай важнай з’яўляецца св. Імша і ўдзел у ёй усіх членаў сям’і.

Святар прывёў таксама словы кардынала Ёзафа Ратцынгера (будучага папы Бэнэдыкта XVI) пра тое, што святая Імша без дадатковых набажэнстваў — нібы незавершаная малітва. Варта вучыцца заўсёды, кожную хвіліну, быць пры Богу, «хадзіць у Божай прысутнасці». Гэта значыць усе справы даручаць Богу, увесь час памятаючы пра Яго.

Айцец Міхал звярнуў увагу на малітву «Ойча наш...» — «самую дасканалую, бо яе даў людзям сам Бог». «Малітва “Вітай, Марыя...” таксама біблейская, як і добрая малітва праслаўлення “Хвала Айцу...”. На ўсе гэтыя малітвы неабходна менш хвіліны, таму нават вельмі заняты чалавек можа знайсці на іх час», — адзначыў святар.

Дакладчык таксама заахвоціў сем’і часцей звяртацца да Ружанца і старацца часцей маліцца на ім усёй сям’ёй.

У першы дзень сустрэчы сужонкам распавялі пра небяспечнасць гендарнага выхавання. Намеснік фонду «Адкрытыя сэрцы» Іван Пузанаў заахвоціў бацькоў цікавіцца матэрыяламі, якія даносяцца да дзяцей у школах, і распавёў пра сутнасць гендарнага выхавання па фінскай і шведскай сістэмах, якое адмаўляе паняцце мужчынскага і жаночага полу і прапануе 54 варыянты гендару.

Суботні вечар завяршыўся балем з навучаннем класічным танцам і экскурсам у гісторыю баляў. У нядзелю час быў прысвечаны пытанням сужонкаў, сямейным праблемам. Прысутныя маглі падзяліцца вопытам і пашукаць адказу ў духоўных асоб.

Абноўлена 25.10.2017 15:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця