22 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, наведаў з пастырскім візітам парафію ў Бабруйску.
Іерарх прадставіў вернікам новага каноніка катэдральнага капітула архідыяцэзіі ў гонар св. Міхала Арханёла і Маці Божай Будслаўскай — кс. Андрэя Яркаўца, пробашча парафіі.
Мітрапаліт Кандрусевіч, які ўзначаліў святую Імшу, у сваім казанні засяродзіўся на цэнтральнай думцы нядзельнага Евангелля: «Аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
Для вернікаў бабруйскага касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі гэтыя словы Езуса маюць адметны сэнс: вось ужо не адно дзесяцігоддзе ў Бабруйску не можа вырашыцца пытанне адносна поўнага вяртання святыні парафіяльнай супольнасці.
«Бабруйскі варыянт» — сумна жартуюць католікі, і не толькі яны. Актыўная грамадскасць горада не аднойчы звярталася да ўладаў: будынак касцёла ў неагатычным стылі стаў бы сапраўдным упрыгожаннем Бабруйска, калі б быў знесены прыбудаваны пяціпавярховік.
Як падкрэсліў іерарх, пазіцыя Касцёла адносна гэтай праблемы нязменная: будынак павінны вярнуць у тым выглядзе, у якім забралі. Таму прапанова ўладаў спачатку выкупіць прыбудову, а потым самім яе разбурыць — непрымальная.
«Пра становішча з будынкам касцёла ў Бабруйску ўлады ведаюць», — дадаў арцыбіскуп і заклікаў бабруйскіх католікаў даверыцца Божай Міласэрнасці і заступніцтву Маці Божай.