Пошук

17.10.2017 13:43   с. Малгажата Зарэк / Фота: с. Марцэліна Мігач / Catholic.by

16 кастрычніка кансэкраваныя асобы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі здзейснілі пілігрымку ў марыйны санктуарый у Баруны (Гродзенская вобласць), каб памаліцца праз заступніцтва святой Марыі ля абраза Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных.

Першым прыпынкам пілігрымаў — 21 законнай сястры — было гістарычнае Крэва. Гэтае месца нагадвае пра заключэнне дынастычнай уніі паміж Рэччу Паспалітай і Вялікім княствам Літоўскім у 1385 годзе. Манахіні пабывалі на руінах знішчанага абарончага замка, а затым накіраваліся ў мясцовы касцёл Перамянення Пана, дзе памаліліся перад цудатворным абразом Маці Божай Ласкавай.

З Крэва законніцы вырушылі ў Баруны, невялікую вёску на Гродзеншчыне. Цудатворны абраз, які захоўваецца ў гэтай святыні, і сам санктуарый маюць цікавую і багатую гісторыю.

У санктуарыі акрамя супольнай малітвы была запланавана сустрэча з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім, які ўзначаліў святую Імшу, молячыся за прысутных законных сясцёр. Іерарх у гаміліі заклікаў манахінь паглыбляць марыйную духоўнасць, а таксама адносіны паміж сёстрамі розных манаскіх супольнасцяў.

Манахіні доўга трывалі на малітве, углядаючыся ў аблічча Марыі і давяраючы Ёй свае інтэнцыі, прагненні сэрцаў, клопаты, радасці, боль і цярпенні.

Чарговым пунктам пілігрымкі сталі Ашмяны, дзе пробашч кс. Ян Пузына распавёў сёстрам бурлівую гісторыю горада і касцёла.

 

Апошнім прыпынкам у вандраванні сясцёр стала Залессе — месца шматгадовай працы Міхала Клеафаса Агінскага, славутага кампазітара, палітыка, дзяржаўнага дзеяча, натхнёнага паэта на мяжы XVIII i XIX стст. У гэтай прыгожай яго маёмасці збіралася тагачасная культурная эліта амаль з усёй Еўропы. І сёння, ідучы чароўнымі паркавымі алеямі, засыпанымі лісцем, гледзячы на вяртлявую рачушку на доле, мост праз яе і млын, бачачы ўсю гэтую прыгажосць, немагчыма не ўзгадаць паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай».

Дзякуючы Богу і Марыі за гэты дзень і радасць супольнага пілігрымавання, сёстры вярталіся ў свае супольнасці, молячыся Ружанец, каб з яшчэ большым запалам і энтузіязмам прымаць Божыя выклікі і апостальскую працу ў штодзённасці.

Абноўлена 17.10.2017 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.