Пошук


11 кастрычніка касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Удзела (Глыбоцкі дэканат) прымаў святароў, законных сясцёр і братоў з усёй Віцебскай дыяцэзіі, якія сабраліся на штомесячную сустрэчу з біскупам Алегам Буткевічам.

Месца сустрэчы было выбрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым годзе святыня адзначае 300-годдзе існавання, а 8 кастрычніка падчас кананічнай візітацыі тут асвяцілі адноўлены галоўны алтар.

Дзень духоўных сустрэч распачаўся гадзінай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Слова да прысутных скіраваў кс. Андрэй Кулік. Пасля св. Імшы адбылася канферэнцыя, якую прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі а. Станіслаў Памыкала SJ. Святар падзяліўся ўласным сведчаннем і расказаў пра рэкалекцыі, якія нядаўна перажыў.

«Каб не было пустэчы ў жыцці, якую мы (святары) часта запаўняем інтэрнэтам, хобі альбо рознымі непатрэбнымі справамі, мы павінны стаць членамі Жывога дома ці Жывой супольнасці. А каб гэта супольнасць магла існаваць і развівацца, павінна быць прабачэнне. Бо дом — гэта месца, дзе ты прабачаеш і табе прабачаюць», — заключыў святар.

Канцлер курыі ў сваю чаргу прадставіў інфармацыю аб калядных конкурсах, якія запланаваныя на студзень будучага года і запрасіў святароў і законніц паспрыяць удзелу дзяцей і моладзі ў гэтых мерапрыемствах.

Абноўлена 16.10.2017 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця