Пошук


Дом начнога прабывання па вул. Ваўпшасава, 2 — адзіная ў Мінску ўстанова для беспрытульных, дзе людзі без пастаяннага месца жыхарства могуць прыйсці, каб заначаваць, прыняць душ і змяніць бялізну.

Будынак можа прыняць да 92 чалавек. Найбольшая напаўняльнасць у халодныя перыяды года — восень і зіма.

Што важна, у гэтым Доме ёсць гарачая вада. А вось магчымасці павячэраць да нядаўняга часу не было — цэнтралізавана для беспрытульных ніхто не гатаваў.

2 кастрычніка тут урачыста адкрылі сталовую. Праект быў рэалізаваны дзякуючы намаганням дабрачыннай арганізацыі «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У цырымоніі адкрыцця прыняў удзел біскуп Юрый Касабуцкі.

Да 30 красавіка сталовая будзе працаваць рэгулярна

«Дах над галавой гэта шмат, але на пусты страўнік нават ён можа быць не мілы. Наша ідэя палягала на тым, каб стварыць для гэтых людзей магчымасці прыняць ежу», — расказвае дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Андрэй Жылевіч OFMCap.

Раней «Карытас» ужо праводзіў падобныя акцыі, але яны насілі разавы характар. Цяпер жа праект упершыню стане доўгатэрміновам.

Сталовая будзе працаваць штодня да 30 красавіка 2018 года. Сродкі на рэалізацыю праекта «Карытас» шукаў у сваіх партнёраў.

«Абеда-вячэру мы гатуем у нашым цэнтры, пасля запакоўваем яе ў кантэйнер-тэрмас і вязём на Ваўпшасава. На месцы людзі маюць магчымасць самі раскласці яе на порцыі і падсілкавацца, але наша цікавасць і ў тым, каб праз ежу знайсці таксама падыход да гэтых людзей», — дадае айцец капуцын.

Людзі з рознымі гісторыямі

«Для людзей, якія трапілі на абочыну жыцця, той факт, што да іх прыходзяць з дапамогай, можа паслужыць штуршком да таго, каб нейкім чынам выйсці з таго стану, у якім яны апынуліся», — разважае брат Андрэй.

Паводле слоў святара, часта беспрытульным патрэбна звычайная чалавечая ўвага, каб хтосьці пабыў з імі разам, паразмаўляў, чымсьці дапамог.

 

«Іх абмінаюць на вуліцах, бо яны непрыемна пахнуць і абы-як выглядаюць, але ў кожнага з іх свая гісторыя. Кагосьці выгналі з дому, хтосьці выйшаў з турмы, а родныя адвярнуліся ад яго... Варта памятаць, што беспрытульныя таксама людзі і яны патрабуюць нармальных людскіх адносін», — нагадвае айцец-капуцын.

Сталовая пры Доме начнога прабывання ў Мінску не адзіны праект «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Іх ініцыятывы рэалізоўваюцца ў карэкцыйным цэнтры ў Клецку, доме-інтэрнаце ў Стоўбцах, доме састарэлых у Лагойску, сацыяльных цэнтрах у Нясвіжы і Крупках...

«Патрэба ў дапамозе заўсёды ёсць, — прызнаецца брат Андрэй. — Канешне, хочацца, каб акцыя ў мінскім Доме начнога прабывання мела працяг, таму будзем шукаць сродкі і людзей, якім неабыякавы лёс беспрытульных».

Абноўлена 04.10.2017 10:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа