Пошук

02.10.2017 10:30   sib-catholic.ru / Catholic.by

Анёлы часта ўзгадваюцца на старонках Старога Запавету. Там яны прадстаўлены Божымі вестунамі, пасланнікамі. Анёлы — гэта дасканалыя істоты, яны трапляюць туды, куды не могуць трапіць людзі, яны сузіраюць Бога тварам у твар і ўпіваюцца шчасцем у промнях Яго хвалы.

Анёлы з’яўляліся, часта ў чалавечым абліччы, у ключавыя моманты гісторыі, каб ад імя Бога абвясціць Яго намеры, указаць людзям шлях і адкрыць ім волю Божую. Як вестуны Найвышэйшага анёлы ніколі не ведаюць спакою. Яны абвяшчаюць, прасвятляюць, пабуджаюць, хадайнічаюць, перасцерагаюць, выкрываюць.

Слова анёл азначае пасланнік. Такім чынам, сама назва гэтых нябесных істот кажа пра іх функцыю — быць Божымі пасланнікамі ў свеце людзей. Богаабраны народ заўсёды ўшаноўваў анёлаў (гл. Быц 48, 16; Зых 23, 20-23).

Якую ж упэўненасць здольныя даць нам нашыя Анёлы Ахоўнікі! Яны суцяшаюць, прасвятляюць, падтрымліваюць нас, змагаюцца на нашым баку (гл. 2 Мак 10, 29-30).

Святыя анёлы па-рознаму ўваходзяць у нашае паўсядзённае жыццё. Але якая вялікая дабрыня Провіду, які абараняе Божых дзяцей праз служэнне святых анёлаў!

У жыцці і служэнні Езуса Хрыста ўвесь час прысутнічалі анёлы. Арханёл Габрыэль абвясціў Марыі, што Ёй наканавана стаць Маці Збаўцы. Анёл прынёс спакой у душу Юзафа. Анёлы абвясцілі бэтлеемскім пастухам пра Нараджэнне Пана. Пасланнікі з нябёсаў з’яўляюцца і ў сцэне ўцёкаў з Егіпта, і ў часы спакушэння Пана ў пустыні, і ў момант гетсіманскай агоніі, уваскрасення і ўнебаўшэсця. Яны ж абараняюць Касцёл і ўсіх яго членаў, як пра гэта сведчыць кніга Дзеяў Апосталаў (гл. Дз 5, 19-20) і Традыцыя: «Убачыце неба раскрытае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць на Сына Чалавечага» (Ян 1, 51).

Анёлы носяць нас на руках, як бясцэнны дар, даручаны ім Богам. Анёлы дапамагаюць нам шчасліва дабрацца да дому Айца. Калі гэта, нарэшце, адбудзецца, іх місія будзе лічыцца споўненай.

Нашыя зносіны з Анёламі Апекунамі павінны мець сяброўскі характар. Пры гэтым варта прызнаваць іх перавагу адносна прыроды і ласкі. Парады і падказкі, якія яны даюць, бяруць пачатак ад Бога і маюць большую каштоўнасць, чым парады чалавека. Яны могуць «пачуць» і зразумець нас куды лепш, чым самыя верныя нашы сябры, — і таму, што яны ніколі нас не пакідаюць, і таму, што маюць магчымасць «знутры» ўвайсці ў нашыя намеры, патаемныя жаданні і імкненні. Анёл уздзейнічае на нашую свядомасць непасрэдна, «без слоў», — абуджаючы фантазію, навяваючы ўспаміны, фарміруючы асацыяцыі, дзякуючы якім мы знаходзім правільнае рашэнне. А колькі разоў Анёлы Ахоўнікі дапамагалі нам працягнуць наш жыццёвы шлях, як некалі прароку Ільі, якога пераследавала царыца Езавель. Ілья быў цалкам змучаны і прасіў смерці пад шатамі прыдарожнага куста. І тады анёл наблізіўся да яго і сказаў: «Устань, еш і пі, бо доўгі шлях твой перад табою». Гэтаксама ўчыніць і наш анёл.

Той, хто навучыўся размаўляць з гэтым верным, велікадушным сябрам, які заслугоўвае даверу, ніколі не адчуе сябе самотным. Анёл падтрымае нас і ў зносінах з Богам, дадаючы да нашых малітваў свае і заносячы іх да нябеснага трону.

Аднак з анёлам трэба весці дыялог у думках, звяртацца да яго, бо ён, у адрозненні ад Бога, не можа «бачыць» таго, што адбываецца ў нашай свядомасці. Але як толькі гэтая інфармацыя стане яму дасяжная, ён зможа паведаміць пра тое, што адбываецца з намі, больш, чым мы самі. Святыя анёлы заўсёды чуюць нас.

Абноўлена 18.09.2018 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.