Пошук


У касцёле свв. Сымона і Алены — адной з вялікіх святыняў Мінска — сёння, 28 верасня, з цяжкасцю змясціліся жадаючыя памаліцца разам з іерархамі з усёй Еўропы. Біскупы прыбылі ў беларускую сталіцу на асамблею Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.

45 старшыняў біскупскіх канферэнцый Еўропы, іерархі і святары Беларусі ва ўрачыстых залатых арнатах прайшлі вялікай працэсіяй да алтара. Галоўны цэлебрант — прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў кардынал Марк Уэлле, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і некаторыя іерархі засталіся ў прэзбітэрыі, а большасць пастыраў заняла месцы ў касцёле.

Звяртаючыся да прысутных біскупаў, кардынал Уэлле адзначыў: «Сёння мы сабраліся, каб зрабіць свой пастырскі ўнёсак, каб магло адрадзіцца духоўнае вымярэнне, якое некалі было фундаментам Еўропы».

Па словах канадскага іерарха, адным з апорных слупоў, які абагачаў еўрапейскую самасвядомасць, была Біблія, але ў сённяшнім лібералізаваным і секулярызаваным свеце яна забытая. «Агульная сям’я Касцёла цяпер выглядае пакінутай», — дадаў кардынал Уэлле, падкрэсліўшы, што пануючая сёння культура ўжо не з’яўляецца хрысціянскай, але матэрыяльнай і непадатлівай да новай евангелізацыі.

Па словах кардынала Уэлле, у многіх сучаснікаў жаданне пазнаць Езуса звязана не са шчырым прагненнем навяртання, а часта са звычайнай цікаўнасцю або з жаданнем мець уладу. Толькі абвяшчаючы Збаўцу, як дадаў іерарх, можна адбудаваць супольны дом, якім з’яўляецца Еўропа.

«Калі мы жадаем, каб у новага пакалення была будучыня, мы павінны забяспечыць ім не толькі працоўныя месцы, але і асяроддзе, у якім будзе панаваць узаемная пашана і салідарнасць», — падкрэсліў канадскі кардынал.

           

Галоўны цэлебрант нагадаў таксама, што кожная добрая справа нараджаецца са слухання Святога Духа. «Трэба ўвайсці ў цішыню (…) і пачуць голас Бога, каб кожнае нашае слова стала прыладай Бога», — адзначыў кардынал Уэлле, кажучы пра пільную неабходнасць «уваскрасіць занядбаную душу еўрапейца».

«Адновім нашую руплівасць у душпастырскай працы з дапамогай моладзі і сем’яў», — заклікаў кардынал Уэлле і дадаў, што, выходзячы да пакінутых і патрабуючых, да тых, хто жыве па-за грамадствам, можна даваць праўдзівае сведчанне сваёй веры і прысутнасці міласэрнага Бога ў Касцёле, а такім чынам і аднаўляць супольны дом, якім з’яўляецца Еўропа.

Адна з тэм асамблеі РКБЕ датычыць моладзі. З гэтай нагоды на заканчэнне святой Імшы ў Чырвоным касцёле прагучалі сведчанні маладой дзяўчыны і юнака пра іх навяртанне, пазнанне Бога і адкрыццё сябе нанова праз прызму веры.

Абноўлена 30.09.2017 01:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа