Пошук

26.09.2017 16:44   Вольга Качалка / Catholic.by

З 23 на 24 верасня ў Ракаве прайшло начное чуванне моладзі з парафій, дзе працуюць сёстры і айцы супольнасці св. Дамініка. Чуванне было арганізавана сёстрамі дамініканкамі з нагоды 25-годдзя іх служэння ў Беларусі.

У чуванні ўдзельнічала каля 200 чалавек. Праграма чування пачалася вечарам з выступлення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які адмыслова прыехаў у Ракаў прывітацца з маладымі людзьмі і ўдзяліць ім пастырскае благаслаўленне.

Канцэрт адкрыў віцебскі музычны гурт. Затым пачалося прадстаўленне парафій. Хтосьці падрыхтаваў для гледачоў танец, хтосьці — спевы, тэатральныя пастаноўкі. Паміж выступленнямі для прысутных былі арганізаваны інтэрактыўныя танцы, некаторыя маладыя людзі давалі са сцэны сведчанне пра тое, як Бог змяніў іх жыццё.

Пасля завяршэння канцэрту моладзь перамясцілася з вуліцы ў касцёл для ўдзелу ў Эўхарыстыі. Гамілію прамовіў а. Тамаш Міка ОР з Віцебска. Святар звярнуў увагу прысутных на тое, што хрысціянам неабходна дзейнічаць, дзяліцца дарамі, якія яны атрымліваюць ад Бога; моладзь павінна быць аніматарамі ў сваіх парафіях, гуртавацца дзеля пэўных добрых ініцыятыў.

Пасля Імшы а. Павел Мажэйка ОР правёў для моладзі катэхезу, падчас якой казаў пра Святое Пісанне ў жыцці хрысціяніна, пра важнасць разважання над радкамі Божага слова.

Ужо глыбокай ноччу ў ракаўскім касцёле пачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Але праходзіла яна не ў звыклай цішыні і засяроджанасці – гэтым разам моладзь праслаўляла Хрыста пад радасныя спевы за Божую прысутнасць у нашай штодзённасці, за Яго шматлікія дары.

Калі малітоўнае чуванне ў касцёле скончылася, працягам стаў супольны пасілак, а таксама гульні і танцы ў мясцовым цэнтры творчасці.

З наступленнем світанку моладзь са сваімі кіраўнікамі груп пачала раз’язджацца па дамах, з надзеяй, што гэтая цёплая сустрэча стане штогадовай добрай традыцыяй.

Абноўлена 27.09.2017 13:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця