14 верасня ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах прайшло святкаванне 25-годдзя служэння сясцёр дамініканак у гэтым горадзе. Святую Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.
У малітве іерарх дзякаваў Богу за служэнне манахінь, прысутнасць якіх у парафіі дапамагае супольнасці асабліва «адчуваць пашану да эўхарыстычнага культу і Найсвяцейшай Маці, любоў да літургіі і Святога Пісання».
«Сваім служэннем вы дапамаеце іншым у глыбейшым пазнанні праўдаў веры, актывізуеце іх сэрцы, каб палалі любоўю да Бога... Вы адведваеце хворых у іх дамах у розны час дня, несучы дапамогу. Вам даручана заданне быць пры канаючых, каб дапамагчы верніку годна прайсці апошні зямны адрэзак шляху, — адзначыў біскуп Антоні, звяртаючыся да манахінь. — Можам сцвярджаць, што шчаслівыя тыя парафіі, у якіх працуюць сёстры дамініканкі, бо там ёсць каму вучыць дзяцей асновам рэлігіі, ёсць каму апекавацца хворымі, ёсць каму клапаціцца аб чысціні і дэкарацыях у касцёле, ёсць каму больш і нястомна маліцца».