Глыбокапаважаныя біскупы, прэзбітэры і дыяканы,
кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
З вялікай радасцю паведамляю вам, што 28 верасня — 1 кастрычніка 2017 г. у Мінску будзе праходзіць Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое прысвячаецца моладзі і будучыні нашага кантынента як супольнага дома. Такое рашэнне было прынята падчас мінулагодняга падобнага форуму кіраўнікоў каталіцкіх епіскапатаў Еўропы, які праходзіў 6–9 кастрычніка 2016 г. у княстве Манака.
Правядзенне пленарнага пасяджэння — гэта вялікі гонар як для Касцёла ў Беларусі, так і для нашай краіны. Падзея, якая чакае нас, з’яўляецца беспрэцэдэнтнай у гісторыі Каталіцкага Касцёла і нашай Бацькаўшчыны. Яшчэ ніколі Беларусь адначасова не наведвала паўсотні вышэйшых іерархаў Каталіцкага Касцёла старога кантынента.
У той жа час гэта і вялікая адказнасць, якая ўскладаецца на Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які ў мінулым годзе адзначыў сярэбраны юбілей свайго адраджэння пасля трох пакаленняў ганенняў. Надыходзячы форум — гэта прызнанне ролі Каталіцкага Касцёла як у нашай краіне, так і ў Еўропе. Гэта таксама знак салідарнасці еўрапейскіх католікаў з беларускімі і павагі да нашай краіны.
Трэба прызнаць, што не апошнюю ролю ў выбары месца правядзення Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, акрамя дынамічнага працэсу адраджэння Касцёла, адыгралі добрыя адносіны з рознымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой, і таксама канструктыўны дыялог з дзяржаўнымі ўладамі і грамадствам.
Адметна, што гэтая гістарычная падзея адбудзецца ў юбілей 950-годдзя заснавання Мінска і 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам, як першай друкаванай кнігі ва ўсходнеславянскім свеце.
Упэўнены, што асабістыя кантакты паміж касцёльнымі іерархамі Еўропы і кіраўніцтвам нашай дзяржавы, прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігій, вернікамі і гасцінная атмасфера Мінска дапамогуць еўрапейскім біскупам лепш зразумець сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і будуць спрыяць далейшаму развіццю яго адносін з дзяржавай, грамадствам і рознымі веравызнаннямі.
Запрашаю духавенства і вернікаў прымаць удзел у набажэнствах з удзелам старшынь біскупскіх канферэнцый Еўропы, якія адбудуцца ў наступных мінскіх касцёлах:
- 28 верасня ў 19.00 у касцёле свв. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл),
- 29 верасня ў 18.30 у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (архікатэдра),
- 30 верасня ў 18.30 у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (Залатая Горка).
Усведамляючы важнасць пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы і ўскладзеную на наш Касцёл адказнасць за яго падрыхтоўку і правядзенне, заклікаю да малітвы аб поспеху гэтага форуму еўрапейскіх біскупаў і добрых плёнах, як для нашага кантынента, так і для Беларусі.
Некаторыя замежныя біскупы таксама будуць цэлебраваць Эўхарыстыю ў іншых касцёлах і капліцах, пра што будзе аб’яўлена дадаткова.
Няхай праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, Апякункі Мінска, Бог адорыць сваім благаслаўленнем і патрэбнымі дарамі ўсіх біскупаў, якія прыедуць у сталіцу Беларусі, і дапаможа ім выхоўваць моладзь на хрысціянскіх каштоўнасцях і на іх будаваць будучыню адзінай Еўропы.
З благаслаўленнем
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
P.S. Глыбокапаважаных святароў прашу прачытаць гэты зварот падчас усіх святых Імшаў 24 верасня 2017 г.