Пошук

12.09.2017 15:56   Яўген Амасёнак / grodnensis.by

Навучэнец семінарыі ў Гродне Яўген Амасёнак дзеліцца сваімі ўражаннямі ад летняй практыкі ў парафіі побач з Лонданам. На працягу месяца семінарыст жыў у невялікай вёсцы Грэйт Міссэндэн, дапамагаючы пробашчу ў душпастырскай службе.

«Я вельмі ўдзячны Богу, што падчас практыкі сустрэў на сваім шляху менавіта такіх святароў, якія моцна шануюць і прытрымліваюцца тых каталіцкіх традыцый, якія блізкія нашаму сэрцу. Сярод англічан, якія ў сваёй большасці з’яўляюцца пратэстантамі, гэта вялікая рэдкасць.

Штодзённая святая Імша, разважанні над таямніцамі святога Ружанца, удзел у сакрамэнце хросту і намашчэння хворых, наведванне турмы і шматлікія сустрэчы з вернікамі спрыялі таму, каб я яшчэ больш адчуў неабходнасць і значнасць святарскага служэння.

Упершыню мне давялося прысутнічаць на святой Імшы, падчас якой два браты-аўгустыянцы склалі перад Богам вечныя манаскія абяцанні ў адной з лонданскіх святыняў.

Таксама я меў унікальную магчымасць падзяліцца з вернікамі некаторымі думкамі наконт свайго паклікання, распавесці гісторыю жыцця св. Максімільяна Кольбэ і паразважаць разам з імі над бязмежнай таямніцай святой Эўхарыстыі.

Нязвыклым было для мяне тое, што пасля нядзельнай Імшы пробашч парафіі развітваўся з кожным вернікам пааасобку, якія, у сваю чаргу, запрашалі нас на супольны абед ці вячэру.

Здзівіў мяне таксама факт, што святар ўспрымаецца веруючымі не як пастыр ці настаўнік, а хутчэй як блізкі сябар, які карыстаецца павагай і чыя роля заключаецца ў тым, каб не нагадваць вернікам, як трэба жыць, а проста быць заўсёды гатовым дапамагчы ў складаную хвіліну.

Англічане гасцінныя, добразычлівыя і надзвычай ветлівыя людзі. На працягу дня брытанец кажа «please» і «sorry» незлічоную колькасць разоў.

Напрыклад, калі выпадкова наступіце англічаніну на нагу, хутчэй за ўсё ён папросіць прабачэння першым. І нават калі вы толькі пачалі вывучаць англійскую мову, вам скажуць, што вы валодаеце ёю ў найвышэйшай ступені. Паколькі мая англійская далёкая ад ідэалу, мне гэта казалі сотні разоў. У выпадку пярэчанняў дададуць, што іх руская ўсё роўна горшая.

Немагчыма не заўважыць, што англічане вельмі ганарацца сваімі... садамі. Калі вам пашчасціць атрымаць запрашэнне ў прыватны дом, то нават не спадзявайцеся на экскурсію па пакоях. У першую чаргу вам, напэўна, пакажуць сад, распавядуць пра кожнае дрэва і кветачку і будуць чакаць вашай рэакцыі.

Пра англійскія традыцыі можна гаварыць гадзінамі, як гэта звычайна робяць англічане, абмяркоўваючы апошнія падзеі за кубачкам гарбаты з малаком. Хачу толькі падзякаваць Пану Богу за атрыманую магчымасць дзяліцца ў іншамоўным асяроддзі самым каштоўным у маім жыцці — радасцю штодзённага прабывання з Хрыстом».

Абноўлена 12.09.2017 15:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця