Пошук

11.09.2017 17:09   Фота: Эдвард Кавалеўскі / Catholic.by

10 верасня ў Магілёве прайшла другая сустрэча, прысвечаная экуменічнаму чытанню Бібліі. Акцыя прымеркавана да 500-годдзя выдання Святога Пісання на беларускай мове.

У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для Магілёва і Магілёўскай вобласці, святары і вернікі каталіцкіх парафій Магілёва, прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы, пратэстанцкіх супольнасцяў і іх пастары.

Другі дзень чытанняў падрыхтавала моладзь парафіі Святога Антонія пад кіраўніцтвам кс. Віталія Чабатара. Былі зачытаны ўрыўкі з Евангелля паводле Марка — 5-8 раздзелы.

«Уся гэтая акцыя праводзіцца найперш для таго, каб у людзей з’явілася жаданне чытаць і разумець сэнс Бібліі, каб вучыліся суадносіць сэнс напісанага са сваім жыццём. Памаліўшыся да Бога, варта ставіць перад сабой пытанне: “Што Бог сёння хоча сказаць мне праз гэты ўрывак Святога Пісання?” На маю думку, было б вельмі добра і надалей працягваць такія сустрэчы, крыху змяніўшы фармат і дадаўшы заданні па працы з тэкстамі Святога Пісання», — падзяліўся сваім меркаваннем пра экуменічныя чытанні Эдвард Кавалеўскі.

Сям’я Кротавых, якая ўваходзіць у сямейную суполку Хатні Касцёл, адзначае, што чытанне Бібліі з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў гэтай суполкі, аднак у той жа час яны добра ведаюць, што чытаць Святое Пісанне штодзень — не такая простая справа. «Доўгія гады ў нас была праблема з сістэматычным чытаннем Бібліі, і мы ведаем, што аналагічная праблема ёсць у іншых людзей. Вельмі карысным з’яўляецца чытанне ў групе. Вось і гэтыя сустрэчы аб’ядноўваюць людзей розных канфесій. Дзелячыся адно з адным разважаннямі пра Божае слова, кожны можа пачуць і адкрыць для сябе штосьці новае, чаго сам раней мог не заўважаць. Вопыт супольнасці ўзбагачае. Больш за тое, супольнае чытанне Бібліі вучыць нас дзяліцца не толькі Божым словам, але і прыкладам, як з верай перажываць свае праблемы», — падзялілася сям’я Кротавых.

«Нас шмат, але мы адно цэлае, таму што кожнага з прысутных аб’ядноўвае адно жаданне — адкрыцца на Езуса, на Божае слова. Слухаючы ў гэты раз урыўкі са Святога Пісання, мы пакаштавалі хлябы, мы былі побач з вучнямі ў чаўне, стаялі каля веруючай жанчыны. Мы чулі ўсе словы, якія Езус казаў да людзей. Усе гэтыя людзі з Пісання — мы. “Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца ад сябе, возьме свой крыж і ідзе за Мной”. Нам вельмі цяжка пакінуць гэтае “жыццё”: дом, машыну, грошы, працу... Нам здаецца, што без гэтага мы не зможам існаваць. Але мала хто задумваўся, ці сапраўды гэта так патрэбна. Нашае збаўленне, шчасце, існаванне — гэта крыж. І якім бы цяжкім ён ні быў, у канцы нашага шляху нас сустрэне Езус», — склала сведчанне Сафія Ананіч.

У межах экуменічных «Магілёўскіх чытанняў Бібліі» чакаюцца яшчэ дзве сустрэчы — 17 і 24 верасня.

Праходзяць сустрэчы, на якія запрашаюцца ўсе хрысціяне горада, з 19.45 да 20.45 у зале Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў па вул. Камсамольская, 12.

Абноўлена 12.09.2017 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця