Пошук

08.09.2017 12:47   sanctus.pl / Catholic.by

У Святым Пісанні нідзе не ўзгадваецца пра нараджэнне Марыі. Традыцыя, аднак, кажа, што яе бацькамі былі святыя Яўхім і Ганна. Яны былі пабожнымі габрэямі. Дажылі да сталага ўзросту, але не было ў іх дзяцей. У тыя часы гэта лічылася карай за грахі продкаў. Таму Яўхім і Ганна рупліва прасілі Бога, каб даў ім дзіця.

Бог пачуў іх просьбы і ўзнагарадзіў за бязмежны давер — Ганна нарадзіла дачку, Марыю.

Месца і дата нараджэння Марыі невядомыя. Паводле розных крыніц, Марыя прыйшла на свет паміж 20 і 16 годам да нараджэння Езуса Хрыста.

З апакрыфічных кніг, у якіх гаворыцца пра Марыю, варта назваць Протаевангелле Якуба, Евангелле Псеўда-Мацвея, Евангелле Нараджэння Марыі, арабскае Евангелле пра маладосць Хрыста, Гісторыю цесляра Юзафа і Кнігу аб прыйсці Марыі.

Найбольшы ўплыў на традыцыю Касцёла аказала Протаевангелле Якуба. Датуецца яно прыкладна 150 годам, а значыць з’яўляецца найбольш блізкім па часе да Евангелля паводле Яна. Менавіта з гэтай кнігі мы даведваемся, што бацькамі Марыі былі святыя Яўхім і Ганна і што Марыя ў малым узросце была ахвяравана ў святыні, дзе і пасялілася. Зыходзячы з гэтых звестак, 21 лістапада Касцёл адзначае ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першыя згадкі пра літургічны ўспамін нараджэння Марыі сягаюць у VI стагоддзе. Свята, праўдападобна, з’явілася ў Сірыі, дзе пасля Эфескага Сабору ў Касцёле пашырыўся марыйны культ. Лічыцца, што гэтае свята ўвёў св. папа Сергій І у 688 г.

Дату 8 верасня Касцёл пераняў ад Усходу. Свята распаўсюджвалася ў Касцёле дастаткова марудна. Тлумачылася гэта тым, што ўся інфармацыя пра акалічнасці нараджэння Багародзіцы паходзіла з апокрыфаў.

У некаторых краінах свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі называюць таксама святам Маці Божай Сеўнай. Існаваў старадаўні звычай толькі пасля гэтага свята распачынаць новую сяўбу, каб Марыя благаславіла зерне, кінутае ў зямлю.

У Італіі і некаторых лацінскіх краінах існуе культ Марыі Дзіцятка. У Італіі ёсць нават санктуарыі, дзе ўшаноўваецца Немаўлятка Марыя.

Гэтае свята нагадвае, што Марыя была звычайным чалавекам. Хоць і была яна захавана ад першароднага граху, аднак праз усё жыццё мела свабодную волю. Так, як кожны з нас, яна расла са сваімі бацькамі, бавілася, дапамагала па гаспадарцы, у яе былі знаёмыя і родныя. І толькі яе вера, паслухмянасць і поўны давер у адказ на Божы голас учынілі так, што «хваляць яе ўсе пакаленні».

Абноўлена 12.08.2018 19:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.