4 верасня ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаюць літургічны ўспамін благаслаўлёнай Марыі Стэлы і дзесяці яе паплечніц, сясцёр назарэтанак, мучаніц Другой сусветнай вайны з Навагрудка.
Мучаніцы абралі смерць дабравольна. Як Максімільян Марыя Кольбэ, яны ахвяравалі жыццё, каб уратаваць іншых.
11 сясцёр з Кангрэгацыі Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта былі забітыя ў Навагрудку 1 жніўня 1943 г. Днём раней сёстры прыйшлі ў гестапа, каб ахвяраваць сваё жыццё за 120 чалавек, арыштаваных немцамі і асуджаных да расстрэлу.
Немцы згадзіліся. Законніцы былі расстраляны. Найстарэйшай з іх было 55, а наймалодшай – 27 гадоў. Арыштаваныя людзі былі вызвалены і перажылі вайну.
5 сакавіка 2000 г. папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў сясцёр Стэлу, Імэльду, Раймунду, Даніэлу, Кануту, Сергію, Гвідону, Фэліцыту, Гэлеадору, Канізію і Барамэю, якія вядомыя з таго часу як благаслаўлёныя мучаніцы з Навагрудка.
«Лепш няхай нас Пан Бог прыме, каб тыя людзі засталіся жывыя», — казала маці-настаяцельніца Марыя Стэла. Яе словы вельмі добра запомніла адна з выжыўшых назарэтанак, с. Малгажата Банась. Сястра Малгажата, якая засталася ў кляштары па даручэнні настаяцельніцы, праз некалькі дзён пасля экзекуцыі знайшла магілу сваіх паплечніц з Навагрудка.
Законніца была таксама сведкай апошняй малітвы сясцёр. Адзінаццаць назарэтанак 31 ліпеня 1943 г. укленчылі і прамовілі Ружанец. Пасля малітвы яны ўсталі і пайшлі да сядзібы гестапа.