Пошук

30.08.2017 10:58   Анастасія Пятрова / Catholic.by

З 23 па 27 жніўня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку ўпершыню адбылася музычная майстэрня для дзяцей, моладзі і дарослых.

Як адзначыў ксёндз Юрый Жэгарын, гэта мерапрыемства дае магчымасць праз веру выразіць спевам і музыкай тое, што немагчыма выразіць словамі, а таксама адчуць блізкасць і любоў Бога і дакрануцца сэрцам да Яго прыгажосці.

Наведвальнікамі музычнай майстэрні сталі моладзевы гурт «Veni», які дзейнічае пры парафіяльным касцёле Св. Міхала Арханёла, удзельнікі парафіяльнага хору, а таксама іншыя юныя і дарослыя парафіяне. Сустрэчы і майстар-класы, якія праходзілі на працягу некалькіх дзён, правялі ўдзельнікі музычнай супольнасці «Ubi Caritas» з Івянца на чале з духоўным кіраўніком айцом Яўгенам Голубам, а таксама арганіст касцёла Св. Міхала Яўгеній Пяцельчыц і яго вучаніца Ірына Букіна. Дапамогу ў арганізацыі працы майстэрні аказала дырэктар цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Алена Аскерка.

Кульмінацыяй і плёнам музычнай майстэрні быў заключны канцэрт праслаўлення, які адбыўся 26 жніўня, а на наступны дзень – урачыстая святая Імша, якая сабрала каля 130 дзяцей і моладзі.

Некаторыя ўдзельнікі майстэрні падзяліліся сваімі ўражаннямі. Барабаншчык парафіяльнага гурта «Veni» Данііл Сакевіч адзначыў, што «дзякуючы майстэрні засвоіў некалькі прыгожых рытмаў і павучыўся адпаведнай тэхніцы гульні».

Усе ўдзельнікі выказалі надзею, што такое мерапрыемства стане традыцыйным і будзе ладзіцца штогод.

Абноўлена 30.08.2017 14:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа